Іспанцы вельмі ўпэўнена прайшлі ў 1/8 фіналу мундыялю
Зборная Іспаніі ўпэўнена перамагла Аўстрыю ў 1/16 фіналу чэмпіянату свету з лікам 3:0. Амаль увесь матч прайшоў пад яе поўным кантролем.
Фота: AP Photo/Mark J. Terrill
З першых хвілін матча іспанцы захапілі ініцыятыву: яны шмат валодалі мячом, пастаянна пераводзілі гульню праз цэнтр поля на флангі, спрабуючы расцягнуць абарону суперніка. Аўстрыя ж выбрала больш абарончы план гульні і доўгі час паспяхова стрымлівала атакі, закрываючы зоны і не даючы суперніку спакойна біць па варотах.
Бліжэй да сярэдзіны першага тайма Іспанія пачала ствараць больш небяспекі. Была сітуацыя, калі мяч трапіў у сетку пасля атакі іспанцаў, але гол адмянілі — суддзя зафіксаваў парушэнне ў штрафной плошчы аўстрыйцаў падчас эпізоду.
Паступова ціск Іспаніі стаў яшчэ мацнейшы, і на 35‑й хвіліне яна ўсё ж такі адкрыла лік. Марк Кукурэлья выканаў дакладную перадачу ў штрафную, дзе Мікель Аярсабаль своечасова адкрыўся і ў адзін дотык адправіў мяч у ніжні кут варот.
У другім тайме карціна гульні не змянілася. Іспанія працягвала кантраляваць мяч і тэмп, а Аўстрыя ўсё больш сядзела ў абароне і рэдка выходзіла ў атакі.
У сярэдзіне другога тайма Іспанія падвоіла перавагу. Алекс Баэна выканаў прастрэльную перадачу ў штрафную, а Педра Пора замкнуў яе ўдарам галавой, дакладна накіраваўшы мяч у сетку.
А ў канцы матча Іспанія канчаткова закрыла пытанне пра пераможцу. У апошнюю хвіліну асноўнага часу Аярсабаль аформіў дубль, зноў скарыстаўшыся перадачай Кукурэльі, і паставіў у матчы кропку — 3:0.
У выніку Іспанія ўпэўнена выходзіць у 1/8 фіналу, паказаўшы кантроль мяча, высокі тэмп і добрую рэалізацыю момантаў, Аўстрыя ж за ўвесь матч амаль не змагла стварыць рэальнай пагрозы ў атацы.
Супернік зборнай іспаніі ў 1/8 фіналу вызначыцца ў матчы зборных Партугаліі і Харватыі.
Чытайце таксама:
Прэзідэнт Каба-Вэрдэ зрабіў заяву перад матчам з Аргенцінай
ЗША ўдзесяцёх і пры двух адмененых галах перамаглі Боснію і выйшлі ў 1/8 фіналу
Бельгія амаль безнадзейна прайгравала Сенегалу, але ў выніку святкавала перамогу
На чэмпіянаце свету была блізкая сенсацыя. Зборная Англіі ледзь уратавалася ад кангалезцаў