БЕЛ Ł РУС

Наталля Дуліна — пра ануляваны пашпарт, перамогу над бюракратыяй і першы год у Вільні

2.07.2026 / 13:45

Nashaniva.com

Цяпер выкладчыца італьянскай мовы, былая палітзняволеная Наталля Дуліна жыве ў Вільні, аформіла ІП, валанцёрыць у прытулку для катоў, займаецца танцамі і глядзіць на выклікі эміграцыі без драматызму, падкрэсліваючы, што рэжым не здольны адабраць у выгнаннікаў салідарнасць і сувязь з радзімай.

Наталля Дуліна. Фото: lookby.media

Экс-дацэнтка МДЛУ Наталля Дуліна распавяла «Салідарнасці», што пра прызнанне свайго сіняга пашпарта несапраўдным даведалася амаль выпадкова.

— Званочкі сталі прыходзіць у гэтым годзе, але спачатку я на іх не асабліва звярнула ўвагу. І неабходнасці вострай не было, і не ведала, дзе шукаць, ды і даўно ўжо прывыкла вырашаць праблемы па меры іх з'яўлення.

А нядаўна, літаральна ў апошні месяц, стэлефанавалася з адной дзяўчынкай з вызваленых у снежні, і тая спытала: а што ў цябе з пашпартам? Кажу, паняцця не маю. Яна скінула мне спасылку на сайт МУС — і высветлілася, што «дакумент нумар такі і такі несапраўдны».

Для праверкі я ўвяла некалькі пашпартоў блізкіх людзей, якія не маюць дачынення да нашай гісторыі выдварэння — іх дакументы сапраўдныя.

Крыху пазней у размове нашы праваабаронцы пацвердзілі: практычна ўсе мы, каго прымусова вывезлі з Беларусі ў іншыя краіны, тут з ануляванымі пашпартамі.

То-бок, у чэрвені 2025 года ў нас забралі ўсе нашы прысуды, усе дакументы, аддалі толькі пашпарты. А пасля задняй датай і іх зрабілі несапраўднымі.

Наталля Дуліна дадае, што не так даўно атрымала літоўскі дазвол на жыхарства і ўжо неаднаразова ездзіла па Еўропе менавіта з ім. Але ўсё ж па парадзе юрыстаў, каб пазбегнуць магчымых праблем і ўнутры, і за межамі ЕС, падала дакументы на афармленне пашпарта іншаземца.

Зрэшты, ёсць і добрая навіна — Наталлі ўдалося аднавіць пенсію. Гэта сапраўды рэдкі і паказальны выпадак доўгай барацьбы з сістэмай, пабудаванай на адпісках, перакладванні чыноўнікамі адказнасці і «хатаскрайнасці».

«З калоніі ўсё да капеечкі перавялі на мой рахунак»

— Нас жа вывозілі праз СІЗА КДБ, не наўпрост з калоній, — нагадвае Наталля Дуліна. — І натуральна, ніякіх даведак пра вызваленне, ніякіх грошай не выдалі, да таго ж забралі ўсе нашы асабістыя судовыя дакументы і паперы.

Але яшчэ калі я была ў калоніі, да нас час ад часу прыязджалі людзі з мясцовых, гомельскіх органаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і тлумачылі механізм, як дзейнічаць пасля вызвалення. Што трэба з даведкай прыйсці ў ФСАН па месцы жыхарства, тыя адпраўляюць запыт у гомельскія сацыяльныя службы, адтуль перасылаюць пенсійную справу і пераводзяць грошы на наш пенсійны рахунак.

Неўзабаве пасля таго, як нас вывезлі, мама прыйшла да мяне на кватэру і ўбачыла: у дзвярах тырчаць паперы з інспекцыі, куды мы павінны былі хадзіць, адзначацца пасля вызвалення.

Маўляў, я павінна тэрмінова з’явіцца. Яна пайшла туды (а ў яе, да слова, генеральная даверанасць ад майго імя, аформілі яе, яшчэ пакуль я была ў няволі).

Там пытаюцца: чаму я не стала на ўлік? Мама кажа: «А вы што, не ў курсе, навіны не чытаеце?». І ў фарбах распісала ім, што ды як. Работнікі былі вельмі здзіўлены.

Пад гэтую справу распавялі, што ў мяне няма прэвентыўнага нагляду (гэта такая нядобрая рэч, ледзь не «дамашняя хімія», за табой пастаянна сочаць), а толькі прафілактычны (то-бок, час ад часу трэба адзначацца ў інспекцыі). Але з даведкай пра вызваленне дапамагчы не могуць, не ў іх кампетэнцыі — пішыце лісты ў калонію.

Гэтую фразу — «не ў нашай кампетэнцыі» — жанчыны чулі або чыталі ў лістах яшчэ не раз на працягу больш за паўгода. У калоніі на ліст Наталлі (яго адправілі з тэрыторыі Беларусі, прытым з паведамленнем аб уручэнні) не адказалі зусім.

Таксама не адрэагаваў на зварот Дэпартамент выканання пакаранняў.

А спецаддзел гомельскай калоніі і зусім заявіў: нічога не ведаем, паводле нашых дадзеных, Дуліну перавялі ў СІЗА КДБ, а ўжо вызвалілі яе ці не, мы не ў курсе.

Асабісты паход у ДВП таксама нічога не даў: дзяжурны заявіў, што лісты не атрымлівалі. Гомельскі суд адмовіўся разглядаць скаргу — «не ў нашай кампетэнцыі» (то-бок, дзеянні адміністрацыі ДВП і калоніі непадсудныя, рабіце з гэтым, што хочаце). У Адміністрацыі Лукашэнкі таксама адказалі, што пытанне не ў іх кампетэнцыі, звяртайцеся па лініі МУС. І толькі ў ФСАН пайшлі насустрач і адправілі запыт у калонію, каб даведацца, што адбываецца.

…Пасля шасці месяцаў перапіскі і візітаў у «органы» даведкі пра вызваленне дабіцца так і не ўдалося. Наталля Дуліна мяркуе, даць яе «не хочуць ці не могуць», магчыма, гэтага дакумента зусім няма ў прыродзе.

Але настойлівасць беларусак усё ж дала свой плён: амаль цудам удалося аформіць пенсійную справу і не толькі аднавіць выплату пенсіі за гэтыя паўгода, але і вывесці з рахункаў калоніі тыя грошы, што ёй пералічваліся да вызвалення, але іх не дазвалялі адправіць родным.

— Нейкі час можна было гэта рабіць, пасля «палітычным» забаранілі адсылаць дадому грошы, і я спрабавала на прыёме ў намесніка начальніка калоніі высветліць, у чым справа, — успамінае Наталля. — Той пытаецца: а вы «экстрэмістка» ці «тэрарыстка»? «Экстрэмістка», кажу. А, ну напішыце яшчэ адну заяву. Зноў дазволілі — а за пару месяцаў да так званага вызвалення зноў забаранілі.

У выніку — усе гэтыя назапашаныя грошы, усё да капеечкі, перавялі на мой рахунак. І з лютага гэтага года маме пералічваюць маю пенсію ў Беларусі.

А не так даўно ўжо ў Літве, дзе я адкрыла індывідуальную дзейнасць, на семінары для ІП эксперт распавёў, што ў Літвы ёсць двухбаковыя пагадненні аб сацзабеспячэнні з Беларуссю, Украінай, Малдовай і Канадай. І можна падаць заяву ў SODRA пра тое, што ты пенсіянер — пенсію змогуць перавесці ў Літву, а медыцынскае страхаванне (сёння гэта крыху больш за 80 еўра) будзе бясплатным.

Запыт у Беларусь літоўскае ведамства адправіла. Не ведаю, які час гэта зойме, пакуль чакаю вынікаў.

«Пайшла валанцёрыць у прытулак для катоў»

— Прайшоў год з моманту, як вас вельмі своеасабліва, але ўсё-такі вызвалілі. Якім для вас быў гэты год: што атрымалася, што не ўдалося, і ці можаце сказаць, што адаптаваліся ў эміграцыі?

— Даволі няблага я правяла гэты год, шмат усяго зрабіла. Ужо здымаю кватэру. Як толькі атрымала дакументы — адкрыла рахунак у банку, аформіла месца жыхарства ў Вільні. Зарэгістравала ІП — цяпер магу займацца выкладчыцкай дзейнасцю: курсы, рэпетытарства, а таксама пісаць кнігі і артыкулы.

Была справа, у студзені раптам нагу зламала, а дакументаў на той момант яшчэ не атрымала. Прыйшлося звяртацца ў прыватную клініку. Але, дзякуй богу, знайшліся арганізацыі, якія аказалі дапамогу і аплацілі гэтыя рахункі — дзякуй ім велізарны, без гэтай падтрымкі было б, вядома, складнавата.

А цяпер ужо сама іду на днях у паліклініку, буду вырашаць паціху бягучыя пытанні па здароўі.

Ёсць яшчэ пытанні з працай: выкладанне — справа такая, сёння ёсць вучні, а заўтра няма, хтосьці не можа дазволіць сабе ўрокі, у кагосьці змяняюцца планы. Карацей, я з гэтым ужо сутыкалася: калі ў Беларусі мяне звольнілі, займалася дакладна тым самым, рэпетытарствам, як самазанятая.

Плюс, я запісалася ў басейн, пайшла на зумбу (марыла пра гэта яшчэ ў Мінску, вельмі падабаліся інтэнсіўныя танцавальныя трэніроўкі).

А зусім нядаўна выканала яшчэ адну сваю мару. Пайшла валанцёрыць у прытулак для катоў. Кармлю іх, прыбіраю, камунікую. Гэтага вельмі не хапала, шчыра кажучы. Для мяне гэта не толькі спосаб прыносіць карысць, але і псіхалагічная падтрымка — бо дома засталіся каты, мая сям’я за імі глядзіць і там усё нармальна, але мне вельмі хочацца кантакту з жывёламі.

Малюнак Наталлі Дулінай, зроблены падчас зняволення

Патроху падарожнічаю. Упершыню за шмат гадоў двойчы пабывала ў Італіі не па працы ці вучобе, а як турыстка. Некалькі разоў была ў Польшчы: на канферэнцыі «Новая Беларусь», на кангрэсе палітвязняў.

Падводзячы вынікі — нічога страшнага я сёння ў эміграцыі не бачу, хоць ёсць нямала выклікаў. Можа быць, таму што я шмат гадоў працавала, шмат зрабіла і самарэалізавалася, так спакойна на гэта гляджу, без драматызму. У той жа час я разумею людзей маладых, у каго наперадзе кар’ера, навучанне і, магчыма, гэта выклікае цяжкасці (фінансавыя, з дакументамі і г.д.).

Увогуле эміграцыя ў 21 стагоддзі стала, калі можна так сказаць, прыроднай з’явай, можна жыць і працаваць, дзе хочаш.

Зрэшты, у нас ёсць вялікае «але»: мы не можам прыехаць у Беларусь, калі захочам. У нас няма самага важнага, дзеля чаго беларускія ўлады здзейснілі злачынства, выгнаўшы нас з краіны.

І калі раней, тэарэтычна, мы маглі прыехаць, і проста з мяжы адправіцца ў турму — то зараз, без пашпарта, і мяжу ж не пройдзеш. А калі ў нас анулявалі пашпарты — хто замінае цішком пазбавіць нас грамадзянства? Але разам з тым, адабраць у нас Беларусь, адабраць салідарнасць беларусаў адзін да аднаго яны не могуць, што б ні рабілі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула