У Дзяржынскім раёне на аўкцыёне прадаюцца руіны старога храма з абавязкам неадкладна звесці іх са свету
Пад Мінскам на продаж выстаўлены незвычайны аб’ект — руіны былога храма Святых Пятра і Паўла ў вёсцы Старынкі Дзяржынскага раёна, якому амаль 200 гадоў. Рэшткі будынка, пабудаванага яшчэ ў 1836 годзе, зараз плануюць не аднаўляць ці кансерваваць, а цалкам знесці, піша Domovita.by.
Фота: rlt.by
У Дзяржынскім раёне на адкрытыя таргі выстаўленыя руіны былой царквы Святых Пятра і Паўла XIX стагоддзя з незвычайнай умовай — новы ўласнік павінен не аднаўляць, а цалкам знесці будынак.
Аўкцыён арганізаваны Мінскім абласным цэнтрам інвестыцый і прыватызацыі. На продаж выстаўлена аварыйная пабудова плошчай каля 129 квадратных метраў у вёсцы Старынкі. Пачатковая цана складае 3100 рублёў, а задатак — 310 рублёў. Таргі прызначаныя на 31 ліпеня 2026 года.
Фота: fotobrodilki.by
Сам храм быў пабудаваны ў 1836 годзе на сродкі мясцовага памешчыка Аляксандра Ленскага. Спачатку яго планавалі як каталіцкі касцёл, але пасля асвячэння ператварылі ва ўніяцкі храм, а праз некалькі гадоў перадалі праваслаўнай супольнасці. Будынак выкананы ў стылі позняга класіцызму з характэрнымі архітэктурнымі элементамі — прамавугольнай асновай, пілястрамі і вялікімі паўкруглымі вокнамі.
Падчас Другой сусветнай вайны храм моцна пацярпеў і страціў дах. Пасля вайны яго не аднавілі, і з цягам часу ад будынка засталіся толькі вонкавыя сцены. Нягледзячы на гістарычную каштоўнасць і ўзрост, руіны не атрымалі статусу помніка архітэктуры, таму былі прызнаныя аварыйнымі.
Фота: poshyk.info
Умовы продажу выгадныя не для кожнага: пакупнік не атрымае зямельны ўчастак пад забудову і не зможа выкарыстоўваць тэрыторыю для іншых мэтаў. Адзінае, што ён атрымае, — гэта магчымасць разабраць будынак і забраць старую цэглу.
Пасля набыцця аб’екта ўласнік павінен на працягу месяца атрымаць дазвол на знос у раённым выканкаме. Сам дэмантаж трэба выканаць на працягу года без складанай праектнай дакументацыі. Пасля гэтага тэрыторыю неабходна рэкультываваць і прывесці ў парадак, а справаздачу пра выкананыя работы падаць у мясцовы сельвыканкам.
Візуалізацыя, як мог выглядаць храм Пятра і Паўла
Чытайце таксама:
У Клецку выстаўлены на аўкцыён будынак мясцовай аўтастанцыі
У Віцебску прадаюць з аўкцыёну старадаўні закінуты «дом-прывід»