БЕЛ Ł РУС

У школьных сталоўках адмовяцца ад супоў у меню

30.06.2026 / 21:15

Nashaniva.com

З 1 верасня 2026 года ў беларускіх школьных сталовых плануюць змяніць арганізацыю харчавання. Асноўную ўвагу будуць надаваць другім стравам, салатам і напоям, а супы больш не будуць абавязковай часткай меню, піша Times.by.

Фота ілюстрацыйнае

Таксама зменіцца падзел вучняў па ўзроставых групах для разліку нормаў харчавання. Замест дзвюх катэгорый (6—10 гадоў і 11—18 гадоў) увядуць тры: вучні 1—4-х, 5—7‑х і 8—11‑х класаў. Гэта павінна дазволіць лепш улічваць патрэбы дзяцей розных узростаў.

У школьным меню стане больш свежай гародніны і зеляніны, якія беларускія вытворцы могуць пастаўляць цягам усяго года. Адначасова шырэй будуць выкарыстоўвацца гатовыя паўфабрыкаты беларускай вытворчасці: катлеты, нагетсы, біточкі, пельмені, бліны і іншыя вырабы. Урад абяцае, што для школ будуць адбіраць толькі тыя прадукты, якія адпавядаюць патрабаванням бяспекі і якасці.

Намесніца прэм'ер-міністра Наталля Пяткевіч на адмысловым круглым стале адзначыла, што санітарныя патрабаванні да школьнага харчавання таксама плануюць перагледзець, каб зрабіць сістэму больш гнуткай і прыстасаванай да сучасных звычак. Паводле яе слоў, сённяшнія бацькі і дзеці харчуюцца інакш, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму, таму штодзённы суп або абавязковая рыба ў пэўны дзень ужо не адпавядаюць сучаснай мадэлі харчавання.

Паводле прыведзеных даных, за апошні год пастаўкі мясных рубленых паўфабрыкатаў для школьных сталовых павялічыліся больш чым у тры разы — са 135,5 % да 329 %.

Папярэдняя рэформа школьнага харчавання ў Беларусі пачала дзейнічаць з 1 верасня 2024 года. Тады было распрацавана каля 400 новых страў з улікам густаў дзяцей і прынцыпаў здаровага харчавання. Новыя змены павінны стаць працягам гэтай рэформы.

Чытайце таксама:

«Такіх выпадкаў не было гадоў з 15». Эпідэміёлаг — пра атручэнне дзяцей у Барысаве

У школьных сталовых будзе больш паўфабрыкатаў

У мінскіх школьных сталовых будуць катлеты ў форме сэрца

Каментары да артыкула