БЕЛ Ł РУС

Ціманоўская расказала, што атрымлівае ў Варшаве як спартоўка 700 еўра ў месяц

30.06.2026 / 09:59

Nashaniva.com

«Грошай са стыпендый не хапае, каб пакрыць кошт арэнды кватэры».

Крысціна Ціманоўская. Фота з яе інстаграма

Беларуская лёгкаатлека расказала WP SportoweFakty пра сваё фінансавае становішча.

«Грошай са стыпендый не хапае, каб пакрыць кошт арэнды кватэры. На шчасце, ад клуба я атрымліваю даплаты на абеды. Часам у мяне бываюць невялікія рэкламныя супрацоўніцтвы, дзякуючы якім я магу працягваць кар’еру», — кажа Крысціна Ціманоўская.

29‑гадовая спрынтэрка не хавае, што жыццё ў Варшаве для яе — вялікае выпрабаванне. Цяпер яна атрымлівае толькі невялікія стыпендыі ад горада і Польскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі.

«Гэта менш за тры тысячы злотых у месяц (каля 700 еўра. — НН)», — прызнаецца яна.

Як падкрэслівае спартсменка, ключавой крыніцай дадатковага даходу сталі сацыяльныя сеткі.

«Мяне ратуе Instagram. Без яго я б, магчыма, не змагла працягваць кар’еру. У мяне няма ніякіх зберажэнняў пасля таго, як усё, што я мела, забраў мой былы партнёр», — кажа яна пра былога мужа Арсенія Зданевіча.

Спрынтэрка адмовілася ад дадатковых заняткаў і цалкам прысвяціла сябе трэніроўкам. Яна разумее, што часу на дасягненне мэтаў засталося няшмат.

«У гэтым годзе мне споўніцца 30 гадоў, і я ўсвядоміла, што ў мяне засталося максімум два, можа тры гады прафесійнага бегу. Я пайшла на максімальную рызыку і адмовілася ад больш камфортнага жыцця», — падкрэслівае яна.

Яе галоўная мэта — паляпшэнне асабістага рэкорду на дыстанцыі 200 метраў.

«У маёй галаве ўжо шмат гадоў ёсць вынік 22.50 секунды. Гэта маё самае вялікае жыццёвае жаданне, нават апантанасць», — заканчвае Крысціна.

Нагадаем, што пяць гадоў таму вакол Крысціны Ціманоўскай на Алімпіядзе Токіа выбухнуў скандал.

Яна адмовілася бегчы ў няпрофільнай эстафеце 4 па 400 метраў і сказала, што афіцыйная беларуская дэлегацыя спрабавала прымусам вывезці спрынтарку ў Беларусь. У аэрапорце Крысціна адмовілася сядаць у самалёт, папрасіла абароны ў японскай паліцыі і атрымала гуманітарную візу ў амбасадзе Польшчы. Спартоўка стала выступаць за зборную Польшчы па лёгкай атлетыцы, але значных поспехаў ні яна, ні зборная Польшчы не здабыла.

У 2023 годзе Крысціна канчаткова разышлася з мужам Арсеніем Зданевічам (пара была разам дзевяць гадоў, з іх шэсць — у афіцыйным шлюбе), які вярнуўся ў Беларусь. Амаль адразу пасля пераезду ад былога бягуха паляцела ў адпачынак у Грэцыю — і там сустрэла новае каханне. Яе абраннікам стаў украінскі блогер Аляксандр Салонскі, які потым зрабіў ёй прапанову, а яна сказала яму «так».

Чытайце таксама:

Крысціна Ціманоўская збіраецца стаць вядучай на «Белсаце»

Ціманоўская зноў нявеста — з пярсцёнкам ад Tiffany

«Не адразу мяне прынялі». Крысціна Ціманоўская расказала, з якімі праблемамі сутыкалася ў польскай зборнай

Каментары да артыкула