Пуцін заявіў, што Украіна перадала Расіі новыя прапановы па перамовах. Сярод іх — спыненне ўдараў углыб тэрыторыі
Пуцін дадаў, што галоўная задача для расійскай арміі і для яго — «канчатковае вызваленне Данбаса і Наваросіі».
Фота: Mikhail Metzel, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP; АР
Уладзімір Пуцін у інтэрв’ю Паўлу Зарубіну заявіў, што кантакты з Украінай «наладжаны адразу па некалькіх напрамках» і што ад Кіева паступілі «новыя прапановы», паведамляе «Дождь».
Кіеў, паводле слоў Пуціна, прапануе спыніць удары ўглыб тэрыторыі з абодвух бакоў.
Пуцін сцвярджае, што гэтая прапанова з’явілася таму, што «ўдары ў адказ» расійскай арміі «значна больш магутныя, адчувальныя і, прама скажам, разбуральныя» і прыводзяць да сур’ёзных наступстваў для Украіны.
Яшчэ адна прапанова, як вынікае са слоў Пуціна, раней не агучвалася — абмежаваць баявыя дзеянні чатырма тэрыторыямі: Херсонскай вобласцю, Запарожскай вобласцю, «ДНР» і «ЛНР», а на астатніх тэрыторыях спыніць.
Пуцін лічыць, што ў такім выпадку Узброеныя сілы Украіны маглі б вывесці войскі з Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай і Сумскай абласцей, а таксама з некаторых участкаў дзяржаўнай мяжы і перакінуць гэтыя падраздзяленні ў названыя чатыры рэгіёны.
«Ва ўмовах катастрафічнага дэфіцыту асабовага складу УСУ, відаць, мяркуюць, што гэта магло б быць для іх выратаваннем, але ратаваць кіеўскі рэжым у нашы планы не ўваходзіць», — сказаў Пуцін.
Пры гэтым Пуцін дадаў, што галоўная задача для расійскай арміі і для яго — «канчатковае вызваленне Данбаса і Наваросіі».