БЕЛ Ł РУС

Гіганцкая змяюка напалохала людзей у Мазыры. Высветлілася, што яе выгульваў 12‑гадовы хлопчык

27.06.2026 / 09:07

Nashaniva.com

Цікавы інцыдэнт адбыўся ў Мазыры: наведвальнікі гарадскога парку сустрэлі падчас прагулкі вялікую змяю. 

Відэа з рэптыліяй, якая спакойна паўзла па дарожках, хутка распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках і выклікала бурнае абмеркаванне, піша Onliner.by.

«Гуляем у парку, а тут удаў на выпасе таксама», — падпісалі ролік яго аўтары.

На кадрах відаць, як мінакі з цікавасцю назіраюць за змяёй. Адны спалохаліся нечаканай сустрэчы, іншыя, наадварот, вырашылі падысці бліжэй. Адзін з адпачывальнікаў нават паспрабаваў пагладзіць удава, аднак, як відаць з відэа, такая ўвага рэптыліі не спадабалася.

Пазней здымачная група мясцовага тэлеканала высветліла, што змяя не збегла, а была на прагулцы разам з гаспадаром. З гадаванцам на вуліцу выходзіць 12‑гадовы Улад — хлопчык цалкам спакойна трымае вялікую змяю на руках і гладзіць яе, нібы котку ці труса.

Удава завуць Султан. Яму тры гады, а ў сям’і ён жыве каля года — змяю падарылі сябры бацькі хлопчыка.

Паводле слоў Улада, Султан мае спакойны характар, а цёплае надвор’е яму пасуе, бо ўдавы жывуць у тропіках. Падлетак прызнаецца, што спачатку сам баяўся змяі, але цяпер яны, здаецца, сталі лепшымі сябрамі.

У Беларусі ўтрыманне ўдаваў не забаронена, калі жывёла не ўваходзіць у пералік відаў, забароненых для хатняга ўтрымання. Абмежаванне датычыцца змей даўжынёй больш за чатыры метры.

 Паводле слоў гаспадара, Султан дасягае прыкладна 1,5 метра, таму яго ўтрыманне дома дазволена.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула