БЕЛ Ł РУС

Што такое «альпійскі развод»? З'ява, пра якую лепш ведаць загадзя, каб застацца ў жывых у паходзе

27.06.2026 / 07:00

Антось Жупран

Словазлучэнне «альпійскі развод», якое бярэ пачатак у літаратуры ХІХ стагоддзя, апошнім часам усё часцей сустракаецца ў сацыяльных сетках і медыя. Хоць назва гучыць незвычайна, за ёй стаяць вельмі рэальныя гісторыі — ад сур'ёзных канфліктаў да трагедый падчас актыўнага адпачынку.

Фота: Ahmad Juliyanto / Vecteezy

Тэрмін «альпійскі развод» (Alpine divorce) не з'яўляецца ні юрыдычным тэрмінам, ні афіцыйным паняццем у альпінізме. Гэта метафара, якой апісваюць сітуацыю, калі адзін чалавек падчас паходу пакідае свайго партнёра або спадарожніка ў небяспечных умовах. Звычайна гэтаму папярэднічае канфлікт або іншая сітуацыя, у якой адзін з удзельнікаў вырашае працягнуць маршрут самастойна, не зважаючы на бяспеку другога.

Гісторыя тэрміна пачынаецца ў 1893 годзе, калі шатландска-канадскі пісьменнік Роберт Бар апублікаваў апавяданне «Альпійскі развод» (An Alpine Divorce). Паводле сюжэту, мужчына, які не можа законна развесціся з жонкай праз тагачаснае заканадаўства, вырашае пазбавіцца ад яе падчас падарожжа ў Альпы.

Аднак усё адбываецца зусім не так, як ён разлічваў. Жанчына прызнаецца яму, што загадзя падстроіла ўсё так, каб пасля яе смерці мужа абвінавацілі ў забойстве. Затым яна сама кідаецца з абрыву, пакідаючы яго сам-насам з наступствамі.

Гэта быў сатырычны твор, які высмейваў жорсткасць шлюбнага заканадаўства віктарыянскай Вялікабрытаніі, а не апісваў рэальную з'яву. Больш за стагоддзе гэты выраз амаль не выкарыстоўваўся па-за літаратурнымі коламі. Сучаснае значэнне ён набыў толькі ў сярэдзіне 2020‑х гадоў.

Рэальныя гісторыі

Найбольш вядомай гісторыяй, звязанай з гэтым тэрмінам, стала трагедыя на вяршыні Гросглокнер — самай высокай гары Аўстрыі.

У студзені 2025 года 36‑гадовы альпініст Томас Пламбергер разам са сваёй 33‑гадовай сяброўкай Керсцін Гуртнер падымаўся на вяршыню. Пара моцна адстала ад графіка, і ўжо ў цемры, прыкладна за 50 метраў да вяршыні, жанчына цалкам абяссілела.

Паводле версіі абвінавачання, Пламбергер пакінуў яе адну на адкрытым схіле, хоць меў у заплечніку аварыйную тэрмакоўдру і бівачны мех, якія маглі абараніць ад холаду, а сам пайшоў па дапамогу. Ён паведаміў пра здарэнне ў горную паліцыю, але, паводле матэрыялаў суда, не падкрэсліў тэрміновасці сітуацыі, а пасля перастаў адказваць на званкі. Калі ратавальнікі дабраліся да Керсцін наступнай раніцай, яна ўжо памерла ад пераахаладжэння.

У 2026 годзе суд прызнаў Пламбергера вінаватым у прычыненні смерці праз неасцярожнасць і прысудзіў яму пяць месяцаў пазбаўлення волі ўмоўна, а таксама штраф каля 9600 еўра.

Яшчэ адна рэзанансная гісторыя, якую ў сацыяльных сетках пачалі звязваць з «альпійскім разводам», адбылася ў сакавіку 2025 года на Гаваях. Паводле версіі следства, анестэзіёлаг Герхард Кёніг павёў жонку Арыэль на пешую прагулку па горнай сцежцы. На вузкім участку каля абрыву ён паспрабаваў скінуць яе ўніз і ўкалоць шпрыцом, некалькі разоў ударыў жанчыну каменем па галаве.

Арыэль удалося выжыць дзякуючы дзвюм турысткам, якія пачулі яе крыкі і выклікалі ратавальнікаў. Кёніга затрымалі ў той жа дзень. Ён адмаўляе віну і сцвярджае, што толькі абараняўся, бо жонка нібыта першай паспрабавала скінуць яго са сцежкі. Судовы працэс па абвінавачанні ў замаху на забойства працягваецца.

Сапраўдную папулярнасць выраз «альпійскі развод» атрымаў дзякуючы відэа, якое ў лютым 2026 года апублікавала ў TikTok карыстальніца пад нікам EverAfterIya. Ідучы па горнай сцежцы, дзяўчына расказала, што мужчына, з якім яна пайшла ў паход, пакінуў яе адну, каб першым дабрацца да вяршыні.

«Ты ідзеш з ім у паход у горы, а ён пакідае цябе адну, і ты раптам разумееш, што ніколі не была яму сапраўды важная», — заўважыла дзяўчына.

Ролік набраў больш за 31 мільён праглядаў і каля 25 тысяч каментароў. Пазней аўтарка паведаміла, што бяспечна вярнулася, і падзякавала за падтрымку.

Чаму людзі так робяць

Псіхолагі лічаць, што ў аснове такіх паводзін могуць ляжаць розныя псіхалагічныя механізмы.

Адзін з іх, як піша Psychology Today, недахоп эмпатыі, ці здольнасці разумець пачуцці іншага чалавека і прадбачыць наступствы ўласных дзеянняў. Калі чалавек здольны паставіць сябе на месца партнёра, ён разумее, што пакінуць яго аднаго ў небяспечнай сітуацыі — гэта не проста праява абыякавасці, але і рэальная пагроза яго жыццю або здароўю. Калі ж эмпатыі не хапае, уласныя эмоцыі і інтарэсы могуць узяць верх над клопатам пра іншага чалавека.

Іншы магчымы фактар — страта эмацыйнага самакантролю. У стане моцнага гневу, раздражнення або пагарды чалавек можа дзейнічаць імпульсіўна, не задумваючыся пра наступствы. Калі менавіта эмоцыі сталі галоўнай прычынай такога ўчынку, пасля таго як яны сціхаюць, чалавек можа ўсвядоміць, што зрабіў памылку. Але ў гарах або іншых небяспечных умовах нават некалькі хвілін неабдуманых дзеянняў могуць каштаваць вельмі дорага.

Вядома, гэта не азначае, што ўсе выпадкі «альпійскага разводу» тлумачацца менавіта гэтымі прычынамі. У кожнай гісторыі ёсць свае абставіны, таму псіхолагі гавораць хутчэй пра магчымыя механізмы паводзін, чым пра ўніверсальнае тлумачэнне.

Як варта паводзіць сябе ў такой сітуацыі

Незалежна ад таго, што стала прычынай канфлікту, галоўным прыярытэтам падчас паходу павінна заставацца бяспека. Эксперты па бяспецы ў гарах і псіхолагі нагадваюць, што нават адносна нескладаны маршрут можа хутка стаць небяспечным: надвор'е здольнае рэзка змяніцца, мабільная сувязь можа знікнуць, а страта сцежкі або пераахаладжэнне — прывесці да цяжкіх наступстваў.

Таму, калі паміж удзельнікамі паходу ўзнікла сварка, лепш не прымаць рашэнняў пад уплывам эмоцый. Высвятленне адносін варта адкласці да таго часу, пакуль абодва не апынуцца ў бяспечным месцы.

Калі ж партнёр усё ж пакінуў вас аднаго або сам уяўляе пагрозу, галоўнай задачай становіцца як мага хутчэй дабрацца да бяспечнага месца і пры неабходнасці звярнуцца па дапамогу.

Ці можна заўважыць трывожныя прыкметы загадзя?

Гарантавана прадказаць такія паводзіны немагчыма. Але псіхолагі раяць звяртаць увагу на людзей, якія рэгулярна праяўляюць абыякавасць да праблем іншых, ставяць уласныя інтарэсы вышэй за патрэбы астатніх, не спяшаюцца дапамагчы ў складанай сітуацыі або дрэнна кантралююць свае эмоцыі.

Гэта, вядома, не азначае, што чалавек абавязкова пакіне партнёра аднаго ў небяспецы. Але менавіта ў складаных умовах такія рысы характару могуць праявіцца найбольш выразна.

Таму дасведчаныя турысты раяць не адпраўляцца ў складаныя паходы з людзьмі, у якіх вы яшчэ не ўпэўненыя. Перад выхадам на маршрут варта паведаміць блізкім пра свае планы, мець сродкі сувязі, загадзя вывучыць маршрут і не ставіць сябе ў сітуацыю, калі бяспека цалкам залежыць ад аднаго чалавека.

Урэшце, галоўнае правіла горнага турызму застаецца нязменным: калі людзі выйшлі на маршрут разам, яны павінны разам і вярнуцца. Гэта не толькі зніжае рызыку няшчасных выпадкаў, але і найлепш адлюстроўвае сам прынцып партнёрства — узаемную адказнасць і падтрымку.

Чытайце таксама:

У італьянскіх Альпах магутная лавіна сышла са схілу і накрыла групу лыжнікаў ВІДЭА

На Камчатцы фактычна паўтарылася гісторыя з перавала Дзятлава. Толькі гэтым разам загінулі не ўсе

Дзе ў Беларусі часцей жэняцца, а дзе часцей разводзяцца

Каментары да артыкула