БЕЛ Ł РУС

Польскі суд адмяніў дату перадачы дзіцяці бацьку, які хацеў вывезці яго ў Беларусь

24.06.2026 / 20:54

Nashaniva.com

Польскі суд адмяніў прызначаную на 27 чэрвеня перадачу дзіцяці яго біялагічнаму бацьку пасля разгляду апеляцыі, пададзенай апякункай хлопчыка Ганнай Канавалавай. Пра гэту гісторыю паведамлялася раней.

Пенсіянерка з Беларусі Ганна Канавалава, якая ўсынавіла дзяцей. Фота: wyborcza.pl

Пра рашэнне суда паведаміла сама Канавалава разам з ініцыятывай Partyzanka. Паводле яе слоў, яно стала вынікам працяглай барацьбы з удзелам праваабаронцаў, юрыстаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў.

«Наш малы застаецца дома, побач з людзьмі, якіх лічыць сваёй сям'ёй», — адзначыла яна.

Ганна Канавалава пераехала ў Польшчу з Беларусі разам з двума ўнукамі, бацькі якіх былі асуджаныя па палітычных артыкулах. Пазней пад яе апекай аказаліся яшчэ двое дзяцей — Алесь, за якога цяпер і вядзецца барацьба, і ягоны старэйшы зводны брат Яўген. Польскія органы апекі перадалі дзяцей Ганне пасля праверкі сямейных абставін — іх маці мела алкагольную і наркатычную залежнасці і на гэты момант ужо памерла.

У 2023 годзе біялагічны бацька Алеся, які жыве ў Мінску і раней сядзеў у турме за гандаль наркотыкамі, аднавіў кантакт з сынам. Канавалава не перашкаджала зносінам і нават дапамагла яму атрымаць польскую візу. Аднак пазней мужчына звярнуўся ў суд з патрабаваннем перадаць яму апеку над дзіцем.

Суд першай інстанцыі падтрымаў бацьку. Пры гэтым падчас разгляду справы ён не паведамляў пра намер вывезці хлопчыка ў Беларусь. Калі такая інфармацыя стала вядомай, Канавалава падала апеляцыю.

Асаблівую ўвагу ў справе прыцягвае тое, што дзіця мае ў Польшчы статус міжнароднай абароны. Канчатковае рашэнне па справе яшчэ не прынята, таму судовыя разборы працягнуцца.

Чытайце таксама:

Дзіця з Беларусі ўсынавілі ў Польшчы пасля смерці маці. Цяпер суд пастанавіў вярнуць хлопчыка на радзіму

Дзяўчынцы ў 12 гадоў сказалі, што яна не родная, і вярнулі ў прытулак. Яе мама: «Я не справілася»

«Суп вару маленькімі порцыямі — па 8 літраў». Як жыве сямʼя, у якой 15 дзяцей

Каментары да артыкула