БЕЛ Ł РУС

Беларусь закрывае пасольства ў Экватарыяльнай Гвінеі. А Лукашэнка ўсяго тры гады назад называў яе прыярытэтным кірункам

24.06.2026 / 14:56

Nashaniva.com

Беларусь збіраецца закрыць пасольства ў Экватарыяльнай Гвінеі. У Нацыянальным рэестры прававых актаў зарэгістравана пастанова з адпаведнай назвай, заўважыў Reform.news.

Аляксандр Лукашэнка з прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіангам Нгемай Мбасога. Фота: president.gov.by 

Пастанова Саўміна №315 «Аб закрыцці Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Экватарыяльнай Гвінеі» датавана 24 чэрвеня. Яна пакуль яшчэ не апублікаваная.

Дамоўленасці аб абмене пасольствамі паміж Беларуссю і Экватарыяльнай Гвінеяй былі дасягнуты ў 2023 годзе. Пра іх падчас візіту ў Мінск абвясціў кіраўнік афрыканскай дзяржавы Тэадор Абіанг Нгема Мбасога. У снежні таго года туды з візітам лятаў Аляксандр Лукашэнка. Ён называў Экватарыяльную Гвінею прыярытэтным кірункам.

У снежні 2023 года ўрад прыняў пастанову, якой было прадугледжана адкрыццё пасольства да 1 жніўня 2024 года. У чэрвені 2024 года Саўмін прызначыў заробак паслу ў Экватарыяльнай Гвінеі.

Аднак пра адкрыццё пасольства і прызначэнне пасла не паведамлялася, а на сайце МЗС адсутнічае інфармацыя пра адпаведнае дыпламатычнае прадстаўніцтва.

Пакуль краіна прадстаўлена ў Экватарыяльнай Гвінеі на ўзроўні часовага паверанага ў справах. Ім з’яўляецца Уладзіслаў Жур. 10 чэрвеня ён сустракаўся з віцэ-прэзідэнтам краіны Тэадора Нгемай Обіангам Манге. Абмяркоўвалася развіццё дамоўленасцяў 2023 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула