Ісландыя аднаўляе кітабойны промысел — эколагі пратэстуюць
Паляванне на кітоў было замарожана на працягу двух гадоў, піша Еuronews.
У ноч на нядзелю каля ўзбярэжжа Ісландыі былі забітыя два кіты. Паляванне адбылося праз два дні пасля аднаўлення камерцыйнага кітабойнага промыслу. Былі злоўлены два фінвалы — гэта сваякі сіняга кіта і другая па велічыні жывёліна на Зямлі.
Перад выхадам суднаў у мора ў пятніцу адзін з пратэстоўцаў прывязаў сябе да мачты карабля, але быў зняты паліцыяй.
«Першыя загінулыя пры паляванні фінвалы сталі для нас сакрушальным ударам, — заявіла Ёанна Свабэ з Humane World for Animals. — За апошнія два дзесяцігоддзі Ісландыя забіла больш за 1000 фінвалаў. Гэта не толькі другая па велічыні жывёліна на планеце, але і від, які ва ўсім свеце лічыцца ўразлівым з пункту гледжання пагрозы знікнення».
Ісландыя, Нарвегія і Японія — адзіныя краіны свету, дзе кітабойны промысел застаецца легальным, нягледзячы на міжнароднае асуджэнне.
Ісландскі інстытут даследаванняў мора рэкамендаваў абмежаваць вылаў фінвалаў у 2026 годзе 150 асобінамі.