БЕЛ Ł РУС

У Еўропе праз экстрэмальную спякоту загінулі ўжо дзясяткі людзей

23.06.2026 / 21:30

Nashaniva.com

У Еўропе працягваецца беспрэцэдэнтная хваля спякоты, якая ўжо прывяла да дзясяткаў чалавечых ахвяр і сур’ёзных праблем у шэрагу краін, піша The Guardian.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

У Францыі пасля пачатку экстрэмальнай спякоты патанулі каля 40 чалавек. Прэм’ер-міністр краіны Себасцьян Лекарню назваў сітуацыю трагедыяй і склікаў экстранную нараду.

23 чэрвеня стаў самым гарачым днём за ўсю гісторыю метэаназіранняў у Францыі: тэмпература паветра дасягнула +44,3°C. У больш чым паўсотні дэпартаментаў абвешчаны найвышэйшы ўзровень метэаралагічнай небяспекі.

З-за высокіх тэмператур былі ўведзеныя абмежаванні ў працы вядомых турыстычных аб’ектаў. Эйфелева вежа раней зачынілася для наведвальнікаў, а Луўр скараціў час працы. Улады рэкамендавалі жыхарам рэгіёна Іль-дэ-Франс па магчымасці працаваць дыстанцыйна і менш карыстацца грамадскім транспартам.

Спякота закранула і энергетычную сферу. На атамнай электрастанцыі Гальфеш на паўднёвым захадзе Францыі быў спынены адзін з рэактараў, бо вада для яго астуджэння нагрэлася вышэй за бяспечны ўзровень.

Паводле французскіх сіноптыкаў, анамальна гарачае надвор’е захаваецца да канца тыдня. Прычынай называюць павольнае перамяшчэнне гарачых паветраных мас з пустыні Сахара.

Складаная сітуацыя назіраецца і ў іншых краінах Еўропы. У Вялікабрытаніі чакаецца павышэнне тэмпературы да +40 °C, у сувязі з чым абвешчана чырвонае папярэджанне пра спёку, а некаторыя школы датэрмінова завяршылі заняткі.

У Італіі чырвоны ўзровень небяспекі ўведзены ў 15 гарадах, уключаючы Рым і Мілан. Праз масавае выкарыстанне кандыцыянераў у асобных рэгіёнах адбываюцца перабоі з электразабеспячэннем. Толькі ў Парме за тры дні больш за тысячу чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу ў сувязі з уздзеяннем высокіх тэмператур.

У Германіі за мінулыя выходныя значна ўзрасла колькасць няшчасных выпадкаў на вадаёмах. Паводле афіцыйных даных, загінулі як мінімум пяць чалавек.

У Іспаніі амаль па ўсёй краіне дзейнічаюць папярэджанні аб экстрэмальнай спякоце. На больш чым ста метэастанцыях былі зафіксаваныя тэмпературы +40°C і вышэй. У правінцыі Альмерыя ўжо некалькі начэй запар тэмпература не апускаецца ніжэй за +30°C.

Чытайце таксама:

Частку Еўропы накрыла моцная спёка — аж да 40°C

Чаму адны людзі пакутуюць ад спёкі, а іншыя пераносяць яе лёгка?

Навукоўцы хочуць замарозіць Арктыку, якая растае

У Аўстраліі афіцыйна заявілі пра пачатак Эль-Ніньё

Рэкордная для мая спёка ў Еўропе. У Лондане +33°C і гэта не мяжа

Каментары да артыкула