БЕЛ Ł РУС

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі

23.06.2026 / 19:20

Станіслаў Покуць

Аляксандр Лукашэнка раніцай 23 чэрвеня на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным расказаў пра запланаваную хуткую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным і «доўгатэрміновую камандзіроўку» за мяжу без удакладнення падрабязнасцяў. Апошняя сваёй загадкавасцю выклікала ў беларусаў вялікую цікавасць, таму прапагандысты мусяць неяк яе тлумачыць.

Аляксандр Турчын расказвае, што Лукашэнка ўраду не надта і патрэбен. Скрыншот з відэа

Лукашэнка ў размове з Турчыным адзначыў, што неўзабаве — 25‑26 чэрвеня — будзе праходзіць XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які гэтым разам арганізаваны ў Мінску і Мінскай вобласці.

«Таму трэба будзе вам гэтым займацца перш за ўсё, паколькі ў мяне тут працяглая камандзіроўка, — арыентаваў прэм’ер-міністра Лукашэнка. — І ў сувязі з гэтай працяглай камандзіроўкай — таксама якія пытанні нам трэба будзе вырашаць. Можа, ёсць прапановы».

Многія звярнулі ўвагу, што гэтая раней не анансаваная камандзіроўка дзіўным чынам накладаецца на заканчэнне тэрміну ўльтыматыму, пастаўленага Лукашэнку прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. У СМІ і сацыяльных сетках сталі выказвацца розныя версіі. Таму пытанне адносна «доўгатэрміновай камандзіроўкі» Лукашэнкі сярод іншых пачалі тлумачыць і рэжымныя прапагандысты.

Адным з іх суразмоўцаў у праграме «Время Первого» стаў сам Аляксандр Турчын, які ў адказ на сцвярджэнне, што цяпер «многае і на вашы плечы кладзецца», запэўніў, што ўсё ў краіне добра круціцца і без ручнога кіравання Лукашэнкі:

«Прэзідэнтам выбудавана сістэма дзяржаўнага кіравання, якая эфектыўна працуе. Таму сказаць, што ў час адсутнасці кіраўніка дзяржавы нешта кардынальным чынам змяняецца, напэўна, не. Урад працуе ў штатным рэжыме, як мінімум 12—13 гадзін у дзень».

Ды і ўвогуле, маўляў:

«Кіраўнік дзяржавы, у якім бы пункце свету ні знаходзіўся, заўсёды трымае руку на пульсе таго, што адбываецца ў нашай краіне».

Чытайце таксама:

Кіраўнік Гомельшчыны назваў ультыматум Зяленскага спробай збіць хвалю ў сувязі з ударам па аўтобусе ў Бранскай вобласці

Лукашэнка заклікаў жыхароў Гомельшчыны не хвалявацца з-за ўльтыматуму Зяленскага адносна рэтранслятараў

Якія рэтранслятары на мяжы мае на ўвазе Украіна?

Ніводзін лукашэнкаўскі СМІ і канал не выкарыстаў слова «рэтранслятары». Што гэта можа азначаць?

«Рэтранслятары выключыць, зняць і паказаць нам, што яны знятыя». Зяленскі патлумачыў, чаму паставіў ультыматум і што мае зрабіць Мінск

Каментары да артыкула