Падсанкцыйная суддзя Юлія Блізнюк пайшла на павышэнне
Адметна, што яе дачка Кацярына Бялан таксама працуе суддзёй.
Юлія Блізнюк. Фота: Мінскі гарадскі суд
55‑гадовая намесніца старшыні Фрунзенскага суда Мінска Юлія Блізнюк стала суддзёй Мінскага гарадскога суда. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Лагістычна для суддзі мала што памянялася, бо абедзве ўстановы знаходзяцца фактычна ў адным будынку.
Юлія Блізнюк знаходзіцца пад санкцыямі за актыўны ўдзел у палітычным пераследзе беларусаў. Яна асудзіла дзясяткі чалавек па палітычных крыміналках, яшчэ дзясяткі чалавек адпраўляла на суткі па адміністратыўных пратаколах.
Штрафавала Паўла Севярынца яшчэ ў 2016-м, давала 10 сутак за бел-чырвона-белыя шторы ў 2020-м, саджала на 2 гады за надпіс «Не забудзем» на плітцы і 5 гадоў тым, хто адбіваў людзей у сілавікоў.
У Юліі Блізнюк дзве дачкі. 20‑гадовая Настасся вывучылася на следчую, а вось 35‑гадовая Кацярына пайшла ў суддзі, як і маці.
Кацярына Бялан (злева). Фота: Bsu.by
Кацярына Бялан (прозвішча ў шлюбе) з 2021 года працуе ў Першамайскім раённым судзе Мінска. У базе праваабаронцаў няма інфармацыі пра яе ўдзел у палітычных працэсах.
Дзмітрый Бялан з плакатам «Патрабуем правасуддзя» на пікеце каля брытанскага пасольства ў Мінску
Муж Кацярыны і, адпаведна, зяць Юліі — 35‑гадовы Дзмітрый Бялан. Апошняя яго вядомая пасада — другі сакратар Цэнтральнага раённага камітэта БРСМ.