Выкрадальнікі Нэнсі Гатры яшчэ ў лютым паведамілі, што яна памерла, і выбачыліся
Яе выкралі ў ноч на 1 лютага са свайго дому ў Арызоне, а дачка, вядомая тэлевядучая, давала мільён даляраў за інфармацыю пра маці.
Савана Гатры і яе мама Нэнсі. Фота: Nathan Congleton / NBC via Getty Image
У запісцы, атрыманай на пачатку лютага ад меркаваных выкрадальнікаў Нэнсі Гатры, гаварылася, што 84‑гадовая маці амерыканскай тэлевядучай Саваны Гатры памерла неўзабаве пасля свайго знікнення, піша Бі-бі-сі.
Нэнсі Гатры знікла ў ноч з 31 студзеня на 1 лютага са свайго дома недалёка ад Тусона (штат Арызона). У наступныя дні яе сям'я і мясцовыя СМІ атрымалі дзве запіскі ад людзей, якія сцвярджалі, што ўтрымліваюць яе.
У першай, разасланай на наступны дзень, выкрадальнікі патрабавалі выкуп у біткоінах, эквівалентны мільёнам даляраў. Другая прыйшла 6 лютага: у ёй ужо не ўтрымлівалася ніякіх патрабаванняў і паведамлялася, што пажылая жанчына памерла, насуперак волі выкрадальнікаў. Яны таксама прасілі прабачэння перад сваякамі нябожчыцы, паведамляюць амерыканскія СМІ са спасылкай на крыніцы.
Пасля атрымання другой запіскі Савана Гатры выпусціла відэазварот да выкрадальнікаў ад імя ўсёй сям'і. «Мы атрымалі ваша паведамленне і разумеем. Молім вас вярнуць нам нашу маці», — казала яна, дадаўшы, што сям'я гатовая заплаціць.
У сакавіку ў інтэрв'ю NBC Савана Гатры расказала, што сям'я атрымала некалькі запісак з патрабаваннямі выкупу і частка з іх здавалася фальшывымі. Тады ж яна сказала, што першыя дзве лічыць сапраўднымі.
Дэпартамент шэрыфа акругі Піма адмовіўся каментаваць змест запісак, але заявіў, што расследаванне актыўна працягваецца. «Дэпартамент шэрыфа акругі Піма працягвае цесна працаваць з ФБР: следчыя правяраюць доказы, аналізуюць інфармацыю і збіраюць факты, звязаныя з гэтай справай», — заявіла прадстаўнік мясцовай паліцыі.
У панядзелак CBS і іншыя СМІ паведамілі, што праваахоўнікі папрасілі медыя не публікаваць змест запісак, пакуль расследаванне працягваецца.