БЕЛ Ł РУС

Скончылася гісторыя з вароніным гняздом, звітым на будаўнічым кране ў «Мінск-Свеце»

22.06.2026 / 19:01

Nashaniva.com

У канцы красавіка выданне «Смартпрэс» напісала пра тое, як у «Мінск-Свеце» пара шэрых варон звіла гняздо проста на вежавым кране і нават патрабавала ад кранаўшчыка «хабар», супраць чаго ён у прынцыпе і не пратэставаў. Цяпер стала вядома, чым скончылася гэта гісторыя. 

Час ішоў, і гісторыя развівалася: у гняздзе, да стварэння якога, дарэчы, прыклаў руку і кранаўшчык Эдуард, які кінуў туды дрот, з'явіліся яйкі. У поўнай кладцы іх было пяць, але потым адно кудысьці знікла. Верагодна, стала абедам для кагосьці з драпежных птушак.

Аднойчы раніцай у сярэдзіне мая, залазячы на сваё працоўнае месца, аператар крана ўбачыў, што вароны сталі бацькамі: сярод яек ляжала толькі што вылупленае птушаня. На наступны дзень малых ужо было двое. А вось з астатніх яек ніхто не вылупіўся, і з часам яны зніклі з гнязда.

«Двайняты» ж, якія з'явіліся на свет, раслі. Бацькі пільна сачылі за патомствам, пагрозліва кружляючы нават над сваім кармільцам Эдуардам, калі той падымаўся на кран і спускаўся з яго.

На жаль, ахова гнязда аказалася недастатковай, і лета для вароняй пары пачалося з непрыемных навін: у гняздзе засталося толькі адно птушаня.

«Падобна, канец гісторыі», — такое паведамленне Эдуард даслаў гэтай раніцай разам з некалькімі фатаграфіямі і відэа.

На іх — апусцелае гняздо, а непадалёк ад яго адзіны выжылы «спадчыннік» вароняй пары. Ён жывы-здаровы і нарэшце пакінуў бацькоўскі дом.

Гэтая сямейная гісторыя і праўда набліжаецца да канца. Пакуль злётак упэўнена не стане на крыло, бацькі будуць паблізу, а пасля сямейства пакіне абжытае месца.

Звычайна вароны не выкарыстоўваюць свае гнёзды паўторна. Часам яны разбіраюць мінулагодняе жытло на будматэрыялы для новага дома, які будуюць непадалёк. А часам старыя вароніны гнёзды становяцца прытулкам для іншых птушак, напрыклад, соў або дробных сокалаў. Аднак жа чакаць новых пернатых суседзяў на будоўлі не сталі: гняздо ўжо разабралі і ўтылізавалі.

Чытайце таксама:

У «Мінск-Свеце» вароны звілі гняздо проста на вежавым кране і цяпер патрабуюць ад кранаўшчыка «хабар»

Нацбанк пачынае прадаваць манеты з шэрай варонай

У Жодзіне развялося шмат варон, жыхары б'юць трывогу. Ці сапраўды варта непакоіцца?

«Найлепшае ў жыцці — бачыць, як узлятаюць ці ўцякаюць тыя, каму мы дапамаглі». Беларуска расказала, як ратуе дзікіх жывёл

Каментары да артыкула