Зюганаў прапанаваў канфіскаваць 400 мільярдаў даляраў расіян, каб аплаціць «перамогу» ў вайне
Лідар КПРФ Генадзь Зюганаў на перадвыбарчым з’ездзе партыі прапанаваў канфіскаваць сродкі грамадзян і бізнэсу, размешчаныя ў банках, каб вырашыць праблемы бюджэту і эканомікі
«У банках сёння ляжыць 67 трлн вашых грошай [0,9 трлн даляраў — НН]. 67 трлн і 63 трлн прадпрыемстваў [0,85 трлн даляраў — НН]. Агулам 130 трлн расійскіх рублёў [$1,7 трыльёна] Гэта тры дзяржаўныя бюджэты. Ляжаць і ўзбагачаюць банкіраў», — цытуюць Зюганава «Ведомости». Паводле слоў лідара камуністаў, «неадкладна знайсці» можна каля 30 трыльёнаў рублёў [400 мільярдаў даляраў — НН].
«Яны не ўкладаюцца ні ў вытворчасць, ні ў што — і нават на перамогу. Спакойна можна вырашыць гэтую праблему хутка. І я б на месцы прэзідэнта зрабіў бы гэта адным указам, ва ўмовах вайны ён мае права, ён — вярхоўны галоўнакамандуючы», — дадаў Зюганаў.
Кіраўнік камітэта Дзярждумы па фінансавым рынку Анатоль Аксакаў назваў заявы Зюганава «правакацыяй», якую, паводле яго слоў, запусцілі з Украіны або з Захаду. «Проста так рабіць такія заявы настолькі безадказна. Хтосьці Зюганава спецыяльна выкарыстоўвае», — сказаў дэпутат
Паводле слоў Аксакава, канфіскоўваць уклады расіян «проста не мае сэнсу».