Сабаленка: Не хачу вялікага вяселля, максімум 300 чалавек
Першая ракетка свету з Беларусі расказала пра будучае вяселле з мільянерам. Пара не спяшаецца.
Арына Сабаленка і Георгіс Франгуліс. Фота: Vanessa Castillo/Getty Images
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка расказала пра будучае вяселле з бразільскім мільянерам Георгісам Франгулісам. Бізнесмен не так даўно зрабіў спартсменцы прапанову. Але да самога вяселля яшчэ далёка.
Сабаленка не хацела б вялікага вяселля. У яе разуменні, хапіла б 300 гасцей. Але, хутчэй за ўсё, будзе значна больш.
«Мы ведаем, дзе і калі яно пройдзе, але мы яшчэ не пачыналі планаванне. Нам трэба хаця б пачаць складаць спіс гасцей і паглядзець, наколькі вялікай будзе ўрачыстасць.
Мне здаецца, у выніку будзе, ну, не ведаю, 500 або 1000 чалавек, але я не хачу вялікага вяселля. Я хачу максімум на 300 чалавек, зладзіць велізарную вечарыну, дзе ўсе будуць весяліцца. Усе кажуць, што ў выніку будзе 500—1000 чалавек. А я думаю: «Як наогул можна паспець з усімі павітацца?» — падзялілася Сабаленка.
Вяселле плануецца на верасень наступнага года. Але дакладнасці з датай пакуль няма, усё могуць перанесці.
Сабаленка і Франгуліс сустракаюцца больш за два гады. Прапанову бразілец грэчаскіх каранёў зрабіў беларусцы ў сакавіку 2026 года.