БЕЛ Ł РУС

Прадпрымальнік узяў у кліенткі 100 долараў. І заплаціў штраф у 16 разоў большы

21.06.2026 / 16:26

Nashaniva.com

Рамонтнік спрабаваў патлумачыць, што ўзяў валюту на куплю запчастак. Але гэта не дапамагло.

Ілюстрацыйнае фота LookByMedia

У Брэсцкім раёне прадпрымальнік узяў у кліенткі 100 долараў. А пасля вельмі пашкадаваў. ІП займаецца рамонтам аўтамабіляў. Чарговая кліентка вырашыла заплаціць валютай. Сума была не занадта вялікая. Але інфармацыя нейкім чынам прасачылася.

У выніку прадпрымальнік апынуўся ў судзе. Яго абвінавацілі ў парушэнні закона аб валютным рэгуляванні, які забараняе такія разлікі. Рамонтнік спрабаваў патлумачыць, што долары кліентка дала яму на куплю запчастак. Але суд гэта не пераканала, піша prof.by.

Прадпрымальнік атрымаў адміністратыўку за незаконны прыём замежнай валюты. Яму прызначылі штраф у 16 разоў большы за тыя 100 долараў — рамонтніку давядзецца заплаціць 100 базавых велічынь, цяпер гэта 4500 рублёў.

Берасцейцу яшчэ пашанцавала: яму прызначылі мінімальны штраф па гэтым артыкуле. ІП можна пакараць аж да 200 базавых, гэта значыць да 9000 рублёў.

Наогул, атрымліваць аплату ў валюце ў Беларусі могуць толькі кампаніі, якія зарабляюць на транспартаванні грузаў за мяжу або на транзіце. Яшчэ валютай можна плаціць у крамах Duty Free.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула