У Расіі беларус фасаваў наркотыкі ў каробкі ад пячэння і адпраўляў пакупнікам праз таксі. Таксіст не паверыў і павёз пячэнне ў паліцыю
Вынік для Дзмітрыя Падлознага — 10 гадоў строгага рэжыму.
Грамадзянін Беларусі Дзмітрый Падлозны наладзіў у Падмаскоўі збыт мефедрону, расфасоўваючы наркотык ва ўпакоўкі ад шакаладнага пячэння «Choco Pie» і адпраўляючы яго пакупнікам пад выглядам падарункаў праз службы дастаўкі таксі. Пра гэта сведчыць тэкст прысуду Люберацкага гарадскога суда Маскоўскай вобласці.
Аднойчы Падлозны замовіў дастаўку праз «Яндэкс» і перадаў кіроўцу таксі каробку, абгорнутую ў падарункавую паперу з сінімі сэрцайкамі. Мужчына папрасіў адвезці «пасылку» на патрэбны адрас, а на прапанову праверыць змесціва адказаў, што ўнутры — падарунак для дзяўчыны, і на ўсялякі выпадак пакінуў свой нумар тэлефона.
Але паводзіны адпраўніка падаліся таксісту падазронымі. Ад'ехаўшы, ён акуратна ўскрыў пасылку і знайшоў у ёй каробку пячэння «Choco Pie», унутры якой былі пластыкавы стаканчык з вадкасцю і пакецік са светлым парашком. Кіроўца спалохаўся, што гэта наркотык, і замест дастаўкі паехаў у аддзяленне паліцыі. Экспертыза пацвердзіла: у пакеціку быў мефедрон масай 0,98 грама.
Гандаль наркотыкамі беларус наладзіў не адзін. Ён зняў кватэру ў Люберцах, куды разам з двума памагатымі звозіў мефедрон, фасаваў яго на разовыя дозы і пакаваў у тыя самыя ўпакоўкі ад «Choco Pie».
Усіх трох арыштавалі.
Падлознага суд прызнаў вінаватым у незаконнай перасылцы наркотыкаў групай асоб у значным памеры і ў замаху на збыт наркотыкаў у буйным памеры. Сваю віну падчас працэсу ён прызнаў цалкам. Канчатковы прысуд — 10 гадоў калоніі строгага рэжыму.