БЕЛ Ł РУС

«Біце ў сэрцы іх, біце мячамі». Як беларуская «Пагоня» правяла першы сезон у польскай футбольнай лізе

21.06.2026 / 08:53

Nashaniva.com

«Пагоня» стала першым у найноўшай гісторыі Беларусі футбольным клубам, які выступіў у афіцыйным чэмпіянаце іншай краіны. Каманда мігрантаў з Варшавы тры гады дамагалася права на ўдзел у польскім турніры. Тэлеканал «Белсат» пагутарыў з адным з кіраўнікоў каманды Іллёй Шылам пра значэнне праекту для дыяспары, бюджэт клуба і стаўленне да беларусаў польскіх фанатаў, якія славяцца агрэсіўнымі паводзінамі.

Матч паміж камандамі «Пагоня» і варшаўскім «Перуном». 18 красавіка 2026 года

Больш за стагоддзе таму класік нашай літаратуры Максім Багдановіч пісаў пра халодную зброю, якая павінна была дапамагчы беларусам не стацца чужынцамі і захаваць сваю ідэнтычнасць у складаных умовах. Сёння беларусы Варшавы дзеля гэтай мэты выкарыстоўваюць скураны мяч і спорт. Беларускі футбольны клуб «Пагоня», складзены з аматараў, паўстаў у 2022 годзе і ўжо ў спартовым сезоне 2025/2026 паўнавартасна згуляў у афіцыйных спаборніцтвах.

Футбольны клуб — гэта найперш пляцоўка для захавання ідэнтычнасці

Адзін з прадстаўнікоў рады дырэктараў каманды Ілля Шыла свой расказ пачынае з разважання пра тое, што футбол увогуле вельмі моцна звязаны з ідэнтычнасцю чалавека. Ён згадвае, што часткова гэта тлумачыцца сацыяльнымі ўмовамі, у якіх спорт развіваўся на радзіме футболу, у Вялікабрытаніі.

«У пачатку мінулага стагоддзя ў Англіі адбывалася буйная урбанізацыя. Людзі пераязджалі з вёсак і мястэчак у вялікія гарады, дзе далучаліся да футбольных клубаў. Гэта дапамагала ім знаходзіць сваю ідэнтычнасць. Гэта дапамагала заводзіць знаёмствы і кантакты ў новых невядомых умовах», — кажа Шыла.

Ён лічыць, што сёння перад беларускім футбольным клубам стаіць прыкладна такая самая задача. Для многіх беларусаў пераезд у Варшаву — гэта вымушаная эміграцыя, страта звычайнай руціны ды адносін. Такім чынам, «Пагоня» можа стаць для многіх такім самым месцам для захавання ідэнтычнасці, сяброўства і дапамогі ў няпростых умовах жыцця не ў сваёй краіне.

Сам Шыла ў юнацтве быў таленавітым спартоўцам. Ён займаўся футболам у школе салігорскага «Шахцёра» і падаваў вялікія надзеі. Аднак у вырашальны момант замест спорту хлопец абраў навучанне і выправіўся па веды ў Польшчу па Праграме Каліноўскага.

«У Салігорску, калі ты выходзіш у двор, у цябе ёсць выбар — чым займацца. У старэйшыя гады — гэта алкагалізм. У юныя гады — футбол, які паступова перацякае ў горадзе для многіх у алкагалізм. Так працуе мясцовы футбол», — згадвае юнацтва ў Салігорску Ілля Шыла. 

Такім чынам, мужчына радуецца сваім рашэнням, якія спачатку выратавалі яго ад алкаголю, а потым і ад прафесійнага футболу, які зноў-такі вядзе да алкаголю.

Цяпер Ілля з’яўляецца распрацоўшчыкам і бізнэсоўцам. Многія ведаюць яго праз клінінгавую кампанію «Чысты кіт», хоць гэта далёка не адзіная справа, якой займаецца салігорац. У юнацтве мужчына быў вядомым актывістам «Маладога фронту».

Пошукі 80 000 злотых і хатняга стадыёна. Сезон выдаўся яркім, але няпростым

Стартавы футбольны сезон для «Пагоні» выдаўся досыць цяжкім. Арганізатарам каманды трэба было запусціць усе працэсы дзейнасці з нуля, а ні ў каго фактычна не было адпаведнага досведу. Затое было шмат энтузіязму. Ілля Шыла параўноўвае гэту гісторыю з гульнёй у «футбольны менеджар», толькі на больш высокім узроўні.

Рашэнне з дазволам на ўдзел у чэмпіянаце беларусы атрымалі ў 2025 годзе вельмі позна. Фактычна ўжо пачыналіся спаборніцтвы, да якіх супернікі рыхтаваліся ўсё лета. Футбольная федэрацыя Мазавецкага ваяводства праз 3 гады спробаў знайшла магчымасць зарэгістраваць «Пагоню» і заявіць у ніжэйшую лігу Польшчы, адкуль пачынаюць усе новыя каманды. Яна носіць назву «Клас Б» і фактычна з’яўляецца афіцыйным 9‑м дывізіёнам. Да прыкладу, у Беларусі існуе ўсяго 3 футбольныя дывізіёны.

Нечакана складаным момантам стала афіцыйная рэгістрацыя гульцоў. Нават нягледзячы на тое, што польская футбольная федэрацыя пайшла насустрач беларусам. Было зроблена выключэнне для ўдзелу замежнікаў і не грамадзян ЕС у камандзе. Паводле афіцыйнага рэгламенту толькі 3 чалавекі ў складзе могуць быць без еўрапейскага пашпарту. Аднак нявырашаным засталося пытанне магчымасці гульні для людзей з міжнароднай абаронай і прытулкам у Польшчы.

Рэч у тым, што ўсе гульцы павінны атрымаць ліцэнзію ў спецыяльнай міжнароднай праграме, то-бок фактычна накіраваць запыт у «Беларускую федэрацыю футбола». Частка гульцоў так і не змагла за год узяць удзел у матчах, бо не хоча і не можа накіраваць запыт у спартовы орган, залежны ад беларускай дзяржавы. Польская федэрацыя пакуль на здолела вырашыць гэтую няпростую дылему, з якой яшчэ ніколі не сутыкалася ў сваёй гісторыі.

Яшчэ адным выклікам стаў пошук сродкаў для ўдзелу ў спаборніцтвах. Аплата выдаткаў на арэнду пляцовак для матчаў і трэніровак, пераездаў і экіпіроўкі вымагала вялікіх высілкаў. Шыла кажа, што за сезон бюджэт склаў прыкладна 80 000 злотых (каля 21 500 даляраў).

Грошы каманда атрымала ад галоўнага спонсара «Пагоні» — будаўнічай кампаніі TLBud, кампаніі «Чысты кіт» і адной беларускай мэблевай фірмы. Таксама частку грошай футбалісты заклалі з уласнай кішэні. Ілля Шыла са смехам згадвае, што польскі бровар Warka нават прыслаў «Пагоні» 2 скрынкі піва, адгукнуўшыся на допіс каманды ў Instagram.

Не абмінулі беларускі клуб і кур’ёзныя сітуацыі. Пакуль польская федэрацыя вырашала ўсе юрыдычныя дэталі для ўдзелу футбалістаў у чэмпіянаце, каманда прапусціла некалькі стартавых тураў. Хлопцы так і не здолелі перайграць тыя матчы, хоць і дамовіліся з супернікамі. Выйшаў прадугледжаны рэгламентам 30‑дзённы тэрмін і ў выніку каманда атрымала шэраг «тэхнічных паразаў». Нягледзячы на складанасці «Пагоня» скончыла сезон на даволі высокім 5‑м месцы ў турнірнай табліцы. Каманда здабыла 45 балаў і здолела забіць ажно 80 галоў у 23 матчах.

Кастрычніцкія вечары ў Ажараве Мазавецкім

Беларусам, якія страцілі дом, аказалася няпроста знайсці «хатні стадыён». Першую частку чэмпіянату прыйшлося гуляць за межамі Варшавы — у Ажараве Мазавецкім. Ілля Шыла кажа, што гэта быў не толькі складаны лагістычны момант, але і выклік для заўзятараў. 

«Цяжка было ўявіць, што нехта ў кастрычніку будзе дабірацца ўвечары ў Ажараў, каб пазаўзець за нас. Гэта проста шалёна, але такія людзі былі. На мяне ледзь не пакрыўдзіўся адзін чалавек, у якога я запытаўся, для чаго ён прыехаў на позні матч у такую далячынь», — згадвае кіраўнік футбольнага клуба.

Напрыканцы года ў беларускай каманды, здаецца атрымалася знайсці прыстанішча. Цяпер футбалісты праводзяць матчы ў варшаўскай Празе — на стадыёне «Бліскавіцы» на вуліцы Кавячынскай, 44. Верагодна, менавіта там можна будзе пабачыць матчы «Пагоні» у наступным сезоне.

Разважаючы пра развіццё каманды, Ілля Шыла кажа, што «Пагоня» стала больш прафесійна ставіцца да спаборніцтваў. На пачатку сезону гульцы збіраліся толькі на матчы, але ўжо бліжэй да Калядаў распачаліся штотыднёвыя трэніроўкі. Галоўным трэнерам каманды стаў знакаміты берасцейскі футбаліст Віталь Гайдучык. Найбольш запомніўся ён выступамі за барысаўскі «БАТЭ» у Лізе чэмпіёнаў. Спартсмен пагуляў супраць такіх зорак як Нэймар, Хаві, Ін'еста, а цяпер спрабуе зрабіць зорак з самых звычайных беларусаў дыяспары.

Матч паміж камандамі «Пагоня» і варшаўскім «Паланэзам». Варшава, 12 красавіка 2026 года

Палякі ставяцца прыязна, а ў Беларусі адзначылі Instagram экстрэмісцкім статусам

Шыла адзначае, што «Пагоня» становіцца амбасадарам Беларусі ў футбольным свеце, а мясцовыя каманды і заўзятары даволі прыязна ставяцца да клуба. Ён кажа, што ні разу за ўсе матчы каманда не сутыкнулася з праявамі дыскрымінацыі ці абразаў. Хутчэй можна было сустрэць прыязнае стаўленне, і ў тым ліку камандзе ўдалося наладзіць неблагія адносіны з супернікамі па лізе. Можна было заўважыць, як мясцовыя з павагай ставяцца да таго, што беларусы здолелі арганізавацца і стварыць сваю каманду ў неспрыяльных умовах.

Не абмінула клуб увагай і беларуская дзяржава. Сацыяльныя сеткі «Пагоні» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Хаця сам клуб такога статусу дагэтуль не мае. Калі раптам суд Чыгуначнага раёна Гомеля прыме такое рашэнне — можа адбыцца цікавы прэцэдэнт, бо беларусы выступаюць у афіцыйных спаборніцтвах пад эгідай Польскай федэрацыі футбола і фактычна УЕФА. Цікава, як на такое адрэагуе міжнародны орган.

Матч паміж камандамі «Пагоня» і ГПК з Таргувэка. Варшава, 10 траўня 2026 года

Што далей?

Цяпер перад арганізатарамі «Пагоні» стаіць няпростая задача падрыхтавацца да наступнага сезону. Сярод рэчаў, якія будуць прыярытэтнымі для каманды, Ілля Шыла назваў пабудову супольнасці вакол каманды.

Кажучы пра мэты каманды, мужчына адзначае, што стварэнне супольнасці людзей было першапачатковай мэтай «Пагоні». 

«На жаль, у мінулым годзе прыходзілася шмат часу выдаткаваць, каб наладзіць усе працэсы і проста дагуляць сезон, які забраў шмат сілаў», — кажа Шыла.

Ён лічыць, што новы год будзе больш прыязны і цікавы для заўзятараў. Плануецца шэраг публічных мерапрыемстваў, каб прадставіць клуб беларусам Варшавы і не толькі. Для гэтага каманда паспрабуе наладзіць жывыя трансляцыі з кожнага матчу з удзелам каментатараў.

Цяпер футбольны клуб знаходзіцца ў пошуках партнёраў, якія б напоўнілі бюджэт каманды на наступны сезон. Арганізатары хочуць, каб клуб стаў больш адкрытым і празрыстым. Ілля Шыла адзначае, што выдатна мець буйнога спонсара, але для рэалізацыі мэты каманды і бяспекі — найлепей мець шмат «дробных фундатараў». Яны б адчувалі сваю прыналежнасць і адказнасць за лёс праекту. Пакуль што хлопцы разважаюць, што могуць прапанаваць узамен на ўкладанні. Ці гэта будзе ўдзел у прыняцці рашэнняў, вызначэнні гульцоў ці нават удзеле ў трэніроўках.

Клуб анансуе запуск уласнага сайта, дзе можна будзе сачыць за вынікамі, чытаць апошнія навіны каманды, набыць яе мерч, а таксама далучыцца да дзейнасці «Пагоні» нават з самых далёкіх пунктаў свету. Яго распрацаваў брат Іллі — Іван Шыла.

Матч паміж камандамі «Пагоня» і ГПК з Таргувэка. Варшава, 10 траўня 2026 года

Футбольны клуб запрашае ўсіх ахвотных прыйсці на трэніроўкі, якія праходзяць па аўторках. Узяць удзел можна паводле папярэдняй дамоўленасці праз Instagram. Таксама «Пагоня» будзе зацікаўленая ў валанцёрах, якія могуць рэалізаваць любыя свае смелыя жаданні ў межах праекту.

Упершыню каманда мігрантаў заявіла пра сябе ў 2022 годзе. Тады «Пагоня» ўзяла ўдзел у Кубку Польшчы па футболе ў Мазавецкім ваяводстве. Свой шлях тады клуб пачаў з упэўненай перамогі 4:0, а матч сабраў некалькі сотняў заўзятараў на трыбунах. Анлайн-трансляцыю паглядзелі некалькі тысячаў чалавек. У тым ліку да стварэння ініцыятывы спрычыніліся тры супрацоўнікі тэлеканала «Белсат».

Чытайце таксама:

Былая палітзняволеная з Беларусі трапіла ў зборную Польшчы па футболе сярод эмігрантаў

Новы канфлікт вакол «Пагоні». Літоўцы вінавацяць беларускі футбольны клуб у крадзяжы іх сімволікі

Беларускі футбольны клуб будзе гуляць у адной з мінорных ліг Польшчы

«Гэта нашы ці не?» У Польшчы таксама можна нарвацца на праблемы праз бел-чырвона-белы сцяг

Каментары да артыкула