БЕЛ Ł РУС

Беларускі бензін б'е па кашальках масквічоў: АЗС Расіі вымушаны купляць дарагое паліва з Беларусі

19.06.2026 / 21:59

Nashaniva.com

Тэмпы росту рознічных цэн на паліва ў Маскве і Падмаскоўі за апошні тыдзень паскорыліся ў 3—4 разы, піша «Коммерсант». Праз украінскія атакі на расійскія НПЗ, у тым ліку Маскоўскі НПЗ, у Расіі ўтвараюцца перабоі з палівам. Расійскія незалежныя сеткі АЗС вымушаны пераключыцца на закупкі больш дарагога беларускага бензіну, што адбілася на цэнніках для спажыўцоў.

Паводле выдання, біржавыя продажы бензіну беларускай вытворчасці ў Расіі за першыя тры тыдні чэрвеня выраслі ў 51 раз у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года — да 51,36 тысячы тон.

Беларускае паліва абыходзіцца расійскім прыватным АЗС даволі дорага. На біржы тона беларускага АІ-92 каштуе звыш 111 тысяч расійскіх рублёў, а АІ-95 — больш за 124 тысячы. Расійскія нафтапрадукты на біржы каштуюць на 37—50% танней, аднак набыць іх незалежным сеткам АЗС практычна немагчыма з-за дэфіцыту. Бо буйныя расійскія кампаніі накіроўваюць усе свае рэсурсы на ўласныя запраўкі.

У выніку купля дарагога беларускага паліва прывяла да таго, што толькі за тыдзень у Падмаскоўі АІ-95 падаражэў адразу на 3,44 расійскага рубля (на 13 капеек), а АІ-92 — на 3,87 расійскага рубля (на 15 капеек).

Сітуацыяй з цэнаўтварэннем на АЗС у Маскоўскім рэгіёне ўжо зацікавілася Федэральная антыманапольная служба, якая патрабуе ад сетак абгрунтавання высокіх цэн. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула