Кіраўнік МЗС Украіны рэзка адрэагаваў на пазбаўленне Зяленскага ордэна і верне сваю польскую ўзнагароду
«Выйграе толькі Масква».
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга выступіў з жорсткай крытыкай у адрас прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, які адклікаў у Уладзіміра Зяленскага Ордэн Белага Арла. Украінскі дыпламат назваў гэты крок «стратэгічнай памылкай», ад якой выйграе толькі расійскі бок.
Кіраўнік МЗС выказаў шкадаванне, што ў Варшаве «эмоцыі ўзялі верх», што прывяло да неапраўданых, імпульсіўных і зняважлівых крокаў не толькі ў бок украінскага прэзідэнта, але і ўсяго Усходняга суседа ў цэлым.
«Справа не ў ордэнах, а ў стаўленні. Мы заўсёды выступалі за падыход узаемнай павагі — нават калі гаворка ідзе пра складаныя і праблемныя тэмы. А гэта прадугледжвае, што мы паважаем рашэнні адзін аднаго нават тады, калі не згаджаемся з імі», — кажа Сібіга.
Ён лічыць, што на фоне вайны цяперашняе абвастрэнне — контрпрадуктыўнае і не патрэбнае ні ўкраінцам, ні палякам.
«Нам шкада, што замест пошуку рашэнняў польскі бок вырашыў эскалаваць гэтае абвастрэнне да непрымальнага і неадэкватнага ўзроўню.
Ніводзін прэзідэнт іншай краіны не будзе дыктаваць нам нашу гісторыю», — дадаў ён.
У знак пратэсту сам Андрэй Сібіга адмовіўся ад Камандорскага крыжа з зоркай Ордэна «За заслугі перад Польшчай» і паабяцаў у бліжэйшы час афіцыйна вярнуць узнагароду польскаму боку.