БЕЛ Ł РУС

«Гандляр зброяй Серых мог выкрасці Котава, каб здаць яго беларускім спецслужбам і заслужыць увагу Лукашэнкі» — Станіслаў Івашкевіч

19.06.2026 / 16:54

Nashaniva.com

Расследавальнікі сцвярджаюць, што былога беларускага чыноўніка і палітыка ў выгнанні Анатоля Котава перадалі расійскім спецслужбам каля ўзбярэжжа непрызнанай Абхазіі. Кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслаў Івашкевіч патлумачыў «Белсату», чаму ён схільны лічыць знікненне Котава спланаваным выкраданнем.

Анатоль Котаў. Фота: Міра Лесялішская / Белсат

Івашкевіч кажа, што амаль усе фігуранты расследавання — людзі, звязаныя з беларускімі і расійскімі сілавымі структурамі, збройным бізнэсам, нават сама яхта — так ці інакш усе нітачкі вядуць да беларуса Юрыя Серых.

Гэта гулец на рынку гандлю зброяй, які набірае вагу, тлумачыць Івашкевіч.

Ці разумеў Котаў, што яхта збіраецца ў Сочы, хоць ён быў у міжнародным вышуку?

Івашкевіч гаворыць, што няма пацвярджэнняў таго, ці ўсведамляў Котаў, куды паплыве, і ці ведаў увогуле, што яны на яхце некуды паплывуць.

Тэарэтычна, калі Котаў прайшоў пашпартны кантроль, гэта не значыла, што ён збіраўся кудысьці ехаць. Гэта магло азначаць, што яхта прыехала з замежнымі пасажырамі, якія не прайшлі мытны кантроль. Каб зайсці да іх на борт (на гэтую яхту, напрыклад), яму трэба было прайсці мытны і памежны кантроль, нават калі б ён і не збіраўся з'язджаць.

Таксама ёсць некалькі сведчанняў, што ён быў па нейкай іншай прычыне без прытомнасці, калі яхта пад'ехала да абхазскага берага. Нехта кажа, што ён напіўся і спаў, іншыя крыніцы кажуць, што ён мог быць непрытомным па іншай прычыне.

Расійскія ўлады, як і беларускія, не прызнаюць, што Котаў у іх. І з аднаго боку, тое, што расійскія ўлады прымалі Котава, робіць яго забойства больш складаным. А з іншага боку, каля порта Ачамчыра, адкуль выехаў катар з памежнікамі, які забраў Котава, ёсць вялікі ўчастак зямлі, які належыць Віктару Шэйману. Там нічога не пабудавана, але, калі ўяўляць найгоршую версію, там можна закапаць труп, кажа Івашкевіч.

Івашкевіч лічыць, што найбольш верагодная версія — спланаванае выкраданне, хаця розныя версіі маюць права на існаванне, аднак яны пакідаюць пытанні.

Напрыклад, калі б гэта быў вывад агента, то тыя, хто гэта рабіў, разлічвалі, што журналісты дакапаюцца да таго, як знік Котаў. Гэта малаверагодна, мяркуе Івашкевіч, таму што сляды замяталі, і абсалютна не было відавочна, што журналісты змогуць дакапацца.

Да таго ж, яны засвяцілі невядомую раней істотную інфраструктуру па гандлі зброяй, па аплаце праз фірму, звязаную з Юрыем Серых. Таксама яны засвяцілі яхту, якая з высокай верагоднасцю належыць зараз Юрыю Серых.

Івашкевіч мяркуе: тое, што пры выкраданні Котава ўвогуле задзейнічалі гэтую інфраструктуру і раскрылі шмат з гэтай новай для расследавальнікаў структуры, можа сведчыць, што гэты Юрый Серых, як растучая зорка ў беларускім збройным бізнэсе, вырашыў зарабіць ачкоў, прывёзшы ў якасці трафея сваім шэфам узроўню Віктара Шэймана ці Лукашэнкі Котава, каб прыцягнуць да сябе ўвагу тым, што выманіў свайго знаёмага.

То-бок Серых мог ажыццявіць спецаперацыю і выкрасці Котава, каб здаць яго беларускім спецслужбам і заслужыць увагу Аляксандра Лукашэнкі, мяркуе Івашкевіч. 

Бо дзейнасць Котава была засяроджаная на спорце — як у Беларусі, так і пасля гэтага ў эміграцыі. І ён таксама адыграў ролю ў тым, што былі накладзеныя санкцыі на беларускіх спартсменаў (тых, якія выступалі ў падтрымку рэжыму), за ўдзел Беларусі ў нападзе на Украіну і за рэпрэсіі супраць іншых спартсменаў, якія ў свой час выступілі супраць.

У Івашкевіча спыталі пра тое, што нядаўна нібыта аднавіўся акаўнт Анатоля Котава ў тэлеграме, але праз некалькі хвілін знік. Ці ведае ён штосьці пра гэта? 

Івашкевіч адказаў, што яны ўжо праверылі: гэты тэлеграм належыць іншаму чалавеку ў Польшчы, які не мае дачынення да гісторыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула