Трамп заявіў, што Мелоні «маліла пра фота» з ім. Яна ў адказ: Выдумкі, прычым не ўпершыню, затое з ворагамі Трамп нерашучы
Прэм'ерка Італіі назвала заявы Трампа «цалкам выдуманымі», міністр замежных спраў краіны адмяніў візіт у Вашынгтон.
Фота: Evelyn Hockstein — Pool/Getty Images
«Яна маліла мяне сфатаграфавацца з ёй! Яна так хацела сфатаграфавацца са мной. Я б нават не пагадзіўся, але мне стала яе шкада! Яна, напэўна, рада, што я з ёй паразмаўляў! Я не быў абавязаны з ёй размаўляць», — сказаў Трамп.
Мелоні назвала заявы Трампа «цалкам выдуманымі» і падкрэсліла, што «Італія і я ніколі не молім».
«Заявы Дональда Трампа цалкам выдуманыя. Я, шчыра кажучы, уражана. Не разумею, чаму прэзідэнт ЗША паводзіць сябе так са сваімі саюзнікамі. Урэшце, гэта здараецца не ўпершыню. Магу толькі сказаць — шкада, што ён не праяўляе такой жа рашучасці ў дачыненні да ворагаў Захаду, ворагаў ЗША, лідараў, да якіх ён, наадварот, аказваецца значна больш саступлівым. Але ён павінен памятаць адно: Італія і я ніколі не молім», — сказала італьянская прэм’ерка.
Пасля стала вядома, што кіраўнік МЗС Італіі Антоніа Таяні адмяніў свой візіт у ЗША на фоне заявы Трампа.
«Сур’ёзныя і абразлівыя выказванні прэзідэнта Трампа ў адрас прэм’ер-міністра Джорджы Мелоні абражаюць усю Італію. Па гэтай прычыне я прыняў рашэнне адмяніць свой візіт у Злучаныя Штаты, запланаваны на 21 і 22 чэрвеня», — напісаў у сацсетцы X Антоніа Таяні.