Іран зноў абмежаваў праход суднаў праз Армузскі праліў
У раёне Армузскага праліва прагучалі папераджальныя стрэлы, а Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі па радыё заклікаў судны не набліжацца да праліва.
Фота: maps4media via Getty Images
Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі пакуль няма.
Пры гэтым іранскія ўлады заявілі, што праход суднаў па-ранейшаму магчымы, але толькі пасля падачы заяўкі і пры выкананні ўсталяваных умоў.
Гэта ставіць пад пагрозу папярэдняе пагадненне з Іранам, пра якое некалькі дзён таму дамовіўся прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Тэгеран патрабаваў неадкладнага спынення вайны «на ўсіх франтах, уключаючы Ліван», але Ізраіль заявіў, што не лічыць сябе звязаным гэтымі ўмовамі, піша Bild.
У ноч на 19 чэрвеня ізраільская армія атакавала больш за 80 аб’ектаў праіранскай «Хезбалы» на поўдні Лівана, уключаючы камандныя пункты, пускавыя ўстаноўкі і іншую інфраструктуру.
Нагадаем, што запланаваныя на сёння перамовы ЗША і Ірана ў Швейцарыі перанеслі.
Вашынгтон тлумачыць гэта складанай лагістыкай, а блізкі да «Хезбалы» тэлеканал Al-Mayadeen паведамляў, што Тэгеран затрымлівае адпраўку дэлегацыі з-за ізраільскай аперацыі ў Ліване.