Новай вядоўцай «Раніцы з «Белсатам» будзе Наста Суханосік
Наста вядзе на «Будзьме» літаратурны праект «Смаленне вепрука», грае ў тэатры, робіць падкасты «Тутака»
Яе дэбют у эфіры адбудзецца ў суботу, 20 чэрвеня. Працаваць яна будзе ў пары з Валерам Руселікам.
У інтэрв'ю «Белсату» Наста прызналася, што ёй крыху страшна.
«Страшна… Вельмі! Праўда! Я не баюся жывога эфіру, не баюся распавядаць і дзяліцца думкамі, а вось задаваць пытанні — гэта іншае. Гэта больш журналісцкая праца. А я не журналістка па адукацыі. Таму для мяне гэта велізарны выклік. І ў пэўным сэнсе — так, гэта варʼяцтва, канешне».
«Магчыма, я дзесьці раскрыюся, буду больш гаваркая. Я і так гаварлівая, у мяне жывая міміка, і я актыўна слухаю. Гэта, зноў-такі, прафесійны навык. І мне падаецца, што мусіць штосьці з гэтага атрымацца», — расказала яна.
«Карацей, я пакуль не ведаю, што атрымае ад майго прыходу «Белсат», але я ведаю, што атрымаю я. Мне вельмі хочацца хоць нейкай камунікацыі з беларусамі ў Беларусі. Я разумею, што не буду атрымліваць адтуль фідбэкаў. Але я ведаю, што ў Беларусі «Белсат» глядзяць. Патаемна, падпольна. Потым чысцяць браўзер, але глядзяць. Можа, такіх людзей не так і шмат, як хацелася б, бо гэта небяспечна, але яны ёсць. Веру ў гэта. Можа, гэта трошкі ружова, але ніхто не забараняе нам марыць», — мяркуе дзяўчына.
Яна кажа, што тэледосвед у яе быў.
«Я калісьці вяла ранішнюю праграму на гарадзенскім тэлебачанні. Але яна выходзіла ў запісе. Некалькі эфіраў наперад запісвалі. Зусім іншая справа. Ну і гэта была Горадня — не трэба было нікуды дабірацца. Але прызнаюся, цяпер гэтыя паўтары-дзве гадзіны, калі ты знаходзішся ў дарозе з Беластоку [яна жыве ў Беластоку — НН] ў Варшаву ці наадварот — гэта час, калі можна троху падумаць ці пачытаць. Да гэтага ў мяне проста не было часу на рэфлексію»
Яна таксама расказала, што летась нарэшце рэалізавала сваю даўнюю ідэю і стала вядоўцай падкасту, які робіцца ў фундацыі «Тутака».
«Я вяду размовы з беларусамі Беласточчыны. Можна сказаць намацала троху прафесію журналіста. Бо мне гэта цікава. Уступаць у дыялог, які ніколі невядома куды цябе завядзе. Таму і там — старанная падрыхтоўка да героя», — расказала яна.