Лаўроў назваў ультыматумам прапанову краін Еўропы па Украіне
Краіны Еўропы выставілі Расіі ўльтыматум па Украіне, прапанаваўшы пагадзіцца на неадкладнае спыненне агню, пачаць мірныя перамовы і кампенсаваць нанесеную Кіеву шкоду, заявіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.
Сяргей Лаўроў. Фота: Alexander Nemenov / Pool Photo via AP
«Давер нельга вярнуць, а дыялог аднавіць з дапамогай ультыматумаў, падобных да таго, які быў выстаўлены Расіі ў Лондане 7 чэрвеня», — напісаў Лаўроў у артыкуле «Украіна, Еўропа і глабальная бяспека».
Паводле яго слоў, еўрапейскія краіны дамагаюцца хутчэйшага спынення агню, каб «не дапусціць краху УСУ на фронце», «замарозіць» ваенны канфлікт «без ліквідацыі яго першапрычын» і ўвесці на тэрыторыю Украіны свае вайсковыя кантынгенты. «Адзіная Еўропа працягвае марыць пра экспансію, мае намер асвойваць Украіну і Малдову, уцягвае ў сваю арбіту Арменію», — адзначыў Лаўроў.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Украіна разглядаецца як «ударны кулак» будучых еўрапейскіх узброеных сіл.
«Такая сітуацыя нясе сур’ёзныя рызыкі для глабальнай бяспекі, бо прамое сутыкненне паміж НАТА і Расіяй можа хутка перарасці ў абмен ядзернымі ўдарамі з катастрафічнымі наступствамі», — папярэдзіў кіраўнік МЗС.