У Францыі затрымалі беларуса за шпіянаж і спробу падпалу завода, які вырабляе баявыя дроны
Завод Delair, які з пачатку вайны пастаўляў ва Украіну беспілотнікі, у пачатку чэрвеня быў закіданы кактэйлямі Молатава. Праз тры дні грамадзянін Беларусі быў арыштаваны падчас здымак прататыпа беспілотніка, піша Le Parisien.
Фота: le_Parisien / x.com
Французская контрразведка прадухіліла магчымую дыверсію на адным з ключавых прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу краіны. На пачатку чэрвеня завод кампаніі Delair у прыгарадзе Тулузы, які актыўна пастаўляе баявыя беспілотнікі Украіне, двойчы апынуўся пад ударам.
Спачатку невядомыя закідалі будынак кактэйлямі Молатава. Сур’ёзнага пажару не здарылася толькі таму, што запальная сумесь не спрацавала.
Ужо праз тры дні пасля гэтага інцыдэнту, 3 чэрвеня, каля тэрыторыі завода праваахоўнікі затрымалі грамадзяніна Беларусі.
Мужчыну схапілі наўпрост падчас здымак прататыпа новага дрона, пры гэтым ён выкарыстоўваў прасунутае шпіёнскае абсталяванне.
Як высветліла следства, затрыманага і раней заўважалі каля сакрэтнага аб’екта, а знятыя матэрыялы ён ужо паспеў адправіць свайму куратару ў Расію.
Парыжская пракуратура выставіла беларусу афіцыйныя абвінавачанні ў зборы і перадачы замежнай дзяржаве звестак, здольных нанесці шкоду фундаментальным інтарэсам Францыі. Падазраваны змешчаны пад варту, а французскія спецслужбы расследуюць гэты выпадак як праяву расійскага гібрыднага ўмяшання.