БЕЛ Ł РУС

Беларуска шукала песню на беларускай мове для першага танца на вяселлі. Перамог хіт, якому 40 гадоў

20.06.2026 / 10:00

Nashaniva.com

А якія варыянты наогул прапануюць?

Калаж «Нашай Нівы»

«Беларусь! Падкажыце, калі ласка, песню на беларускай мове для першага танца маладых, з улікам цэнзуры».

Такое пытанне задала беларуска ў трэдзе. У каментарыях да яе допісу хутка разгарнулася сапраўдная музычная рада: дзясяткі людзей пачалі прапаноўваць свае варыянты — ад класікі «Песняроў» да сучасных індзі-гуртоў.

Калі меркаваць па колькасці лайкаў і паўторных згадванняў, у беларусаў выявіліся відавочныя фаварыты.

Першае месца: «Зачарованая» ад «Песняроў»

Фаварытам абмеркавання стала песня «Зачарованая» гурта «Песняры» (аўтар слоў — пісьменнік Генадзь Бураўкін). Яе прапанавалі некалькі чалавек, а па колькасці лайкаў яна ўпэўнена абышла ўсіх канкурэнтаў.

Песня «Зачараваная» ўжо некалькі пакаленняў асацыюецца з каханнем. У ёй няма драматычных прызнанняў, толькі шчырае захапленне чалавекам побач. 

Разам з ёй некалькі чалавек згадалі яшчэ адну кампазіцыю «Песняроў» — «Стася».

Другое месца: «Зорка Венера» і «Белая лебедзь»

Другое месца падзялілі адразу дзве рамантычныя кампазіцыі.

Гэта і «Зорка Венера» на словы Максіма Багдановіча. Яе прапаноўвалі некалькі разоў, прычым як у класічных выкананнях, так і ў больш сучасных інтэрпрэтацыях. 

Таксама аўдыторыя любіць песню «Белая лебедзь» гурта «Новае Неба». Гэта ўжо больш сучасная лірыка, але з тым жа настроем пяшчоты і светлага суму. 

Трэцяе месца: Naviband і «Шалі» ад Вайцюшкевіча з Шаркуновай

Бронзу падзялілі паміж сабой кампазіцыі гурта Naviband і песня «Шалі».

У выпадку Naviband гаворка найчасцей ішла пра песні «Абдымі» і «Прабач». Асабліва «Абдымі» выглядае натуральным кандыдатам для першага танца: назва сама па сабе ўжо гучыць як вясельнае пажаданне.

Побач па папулярнасці аказалася кампазіцыя «Шалі» ў выкананні Зміцера Вайцюшкевіча і Ганны Шаркуновай — песня пра тонкую раўнавагу паміж двума чалавекамі. Гэта беларускамоўны кавер на песню Shallow, якую выконваюць Lady Gaga і Брэдлі Купер.

Праўда, ва ўсім гэтым народным рэйтынгу ёсць адзін важны нюанс — беларуская цэнзура. Naviband, Зміцер Вайцюшкевіч і Ганна Шаркунова знаходзяцца ў «чорных спісах» у Беларусі, таму песні выконваюцца ў публічных прасторах толькі неафіцыйна.

Калі б не гэтая акалічнасць, топ песень мог бы выглядаць інакш. 

Што яшчэ прапаноўваюць беларусы

Акрамя відавочных лідараў, у каментарах сабралася цэлая калекцыя беларускіх песень пра каханне — вельмі розных па настроі, кожная са сваёй атмасферай.

Прыхільнікі сучаснай беларускай музыкі раяць звярнуць увагу на Uzari і яго песню «Мора». Гэта лёгкая кампазіцыя з амаль кінематаграфічным настроем.

Некалькі чалавек узгадалі Akute. У прыватнасці, песню «Зорка» — адну з самых лірычных у рэпертуары гурта. 

Сярод фолкавых і акустычных прапаноў вылучыўся індзі-фолк дуэт Dobranoc з песняй «Компас». У ёй ёсць тое, што хіба многія шукаюць у шлюбе — адчуванне чалавека, які дапамагае не згубіцца ў жыцці.

Для аматараў паэзіі і беларускай класікі прапаноўвалі «Па-над белым пухам вішняў» у выкананні Алены Саўленайце. 

Некалькі ўдзельнікаў дыскусіі згадалі кампазіцыі Змітра Вайцюшкевіча. Акрамя ўжо прыведзеных «Шаляў», гучала прапанова выбраць «Месяц жоўтая лодка».

Сярод новых імёнаў прагучалі прапановы паслухаць песні «Ніколі» і «Падкажы мне» ад Nevika,

а таксама «Напамін» праекта Рух.

Асобную нішу ў гэтым спісе занялі песні для тых, хто шукае нешта яшчэ менш відавочнае. Так, адзін з удзельнікаў дыскусіі прапанаваў кампазіцыю «Дзень без чар тваіх» у выкананні Алега Джагера — беларускамоўную версію вядомага хіта Day Without Your Love. 

TuzinFM · Oleg Jagger - Дзень бяз чар тваіх

Яшчэ адна нечаканая прапанова — «Не злуйся» ад KaS. Гэта ўжо значна больш сучасная гісторыя: песня хутчэй пра штодзённую блізкасць, жарты і ўменне быць разам, нягледзячы на дробныя сваркі. Для нефармальнага вяселля такая кампазіцыя магла б стаць адным з самых арыгінальных выбараў.

І вартыя яшчэ вальсы «Падаюць зоры» і «Толькі з табою», якія былі моцна папулярныя ў народзе. Вось яны ў выкананні Якава Навуменкі і Наталлі Раманскай…

…і Якава Навуменкі і Святланы Суседчык:

А некаторыя ўдзельнікі дыскусіі наогул прапанавалі нестандартны шлях: замовіць песню спецыяльна для свайго вяселля. У каментарах нават адгукнуліся музыкі, якія сказалі, што з задавальненнем напісалі б такі трэк.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула