Перад візітам патрыярха Кірыла ў Брэст мясцовых святароў адпраўляюць здаць аналізы
Візіт патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Брэст, запланаваны на 21—22 чэрвеня, суправаджаецца нечаканымі мерамі бяспекі.
Патрыярх Кірыл. Фота: Yegor Aleyev / TASS Host Photo Agency Pool Photo via AP
Мясцовым святарам, якія будуць удзельнічаць у супольным богаслужэнні з кіраўніком РПЦ, выставілі патрабаванне прайсці дадатковую праверку, уключаючы здачу аналізаў, піша «Хрысціянская Візія».
Па якой схеме адбываецца працэдура і што шукаюць медыкі, не паведамляецца, аднак самі прадстаўнікі духавенства адзначаюць, што падчас ранейшых візітаў патрыярха правілы былі прасцейшымі.
Прыезд патрыярха Кірыла ў Брэст прымеркаваны да дзвюх дат — 85‑й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 1000‑годдзя з дня смерці князя Уладзіміра.
Раніцай 21 чэрвеня адбудзецца літургія ў Свята-Уваскрасенскім саборы Брэста, дзе для вернікаў выставяць мошчы князя Уладзіміра. На службу чакаецца прыезд епіскапаў з Беларусі, Расіі, Польшчы і Украіны.
У ноч на 22 чэрвеня патрыярх Кірыл наведае Брэсцкую крэпасць, дзе адслужыць літыю і далучыцца да традыцыйнага мітынгу-рэквіема.