«Муж забраніраваў адпачынак у Анапе, дапамажыце мне яго адгаварыць»
Пасля ўдару беспілотніка па аўтобусе з беларусамі ў Бранску, якія ехалі ў Геленджык, некаторыя беларусы пачалі адмаўляцца ад адпачынку ў Расіі.
Пляж у Анапе, 2024 года. Фота by Lyseria, Wikimedia Commons
«Ездзіў калега мужа з сям'ёй, сёлета таксама едуць»
«Муж забраніраваў адпачынак у Анапе з сярэдзіны жніўня. Дапамажыце мне яго адгаварыць, ніякіх довадаў і фактаў не разумее. Кажа, што летась ездзіў ягоны калега з сям'ёй, сёлета таксама яны туды едуць і майго падбухторылі, каб разам сем'ямі адпачыць. Маўляў, пляжы пачысцілі, нафты няма, дроны, сірэны ёсць, ну, а што такога», — напісала жанчына з Мазыра і дадала, што малодшае дзіця могуць пакінуць з бабулямі дома.
Фота: скрыншот допіса ў Трэдс
На летні адпачынак сям'я мае 6500 рублёў, але не разумее, у якім кірунку рухацца з такім бюджэтам.
У каментарах разгарэлася гарачая дыскусія.
«Трэба быць проста вар’ятам, каб цяпер ехаць у гэтую зону адпачываць…» — гучыць самы ўпадабаны каментар.
«А я здзіўляюся, што бацькі сваіх дзяцей адправілі добраахвотна, думаю — ды не можа ж быць. А не, можа. Вось, жывы прыклад», — напісала іншая жанчына.
«Наколькі людзі ўсё ж далёкія ад рэальнасці… Страшна за вас. Яго не бянтэжыць ні паліўны калапс у Расіі, ні баявыя дзеянні, ні атакі дронаў… Узорны ***», — каментуюць.
Іншая жанчына адзначыла, што гэтых грошай хопіць, каб удваіх злётаць на 10 дзён у Турцыю на «ўсё ўключана». «Мужу адрэналіну не хапае? На здачу ад Турцыі хай з парашутам скокне», — дадала яшчэ адна каментатарка.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Наша Ніва
Таксама людзі раілі замяніць Чорнае мора на адпачынак на Браславе.
«Краснадарскі край Расіі пастаянна абстрэльваецца. Не ведаеш, куды наступным разам прыляціць.
Як можна туды ехаць? Лепш тады ўжо на Браслаўшчыне нешта шукаць. Мы некалькі разоў адпачывалі з дзецьмі — проста выдатныя месцы. Так, з надвор'ем можа не пашанцаваць, але ўсё адно можна выдатна час правесці».
Адна з карыстальніц, здзівіўшыся колькасці людзей, гатовых ехаць у такі рызыкоўны адпачынак, параіла ўладам папярэдзіць людзей, што калі нешта здарыцца, то яны будуць вырашаць праблемы за свой кошт.
«Шмат краін з морам, а іх цягне ў мора, засранае нафтай, і пад пальбу ракет з дронамі», — дадае яна.
Ілююстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Параілі адправіць мужа аднаго
Многія жартавалі, што муж жанчыны — кандыдат на прэмію Дарвіна, і параілі ёй адправіць яго ў Анапу аднаго.
«Сітуацыі з дзецьмі мала? Мне здаецца, уласнае жыццё даражэйшае за адпачынак. Калі ён так хоча, хай едзе адзін», — напісала карыстальніца.
«Ну дык і хай едзе адзін! У дзяцей павінна застацца хоць бы маці», — дадала іншая.
«Ну дык адпраўляйце яго аднаго, калі дупа гарыць. Калі ў вас ёсць галава на плячах, то сядзіце дома», — раіць яшчэ адна.
Пачаліся масавыя адмовы
Пры гэтым у каментарах адпісалася нямала людзей, якія ўжо адмовіліся ад адпачынку ў Расіі.
«Мы з сям'ёй таксама адмовіліся. Паедзем на Браслаў», — напісаў мужчына.
Абвастрэнне сітуацыі паўплывала на адмову ад адпачынку не толькі ў самой Расіі.
Батумі. Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«У нас сын павінен быў ехаць у Грузію на адпачынак праз Краснадар. Адмовіліся. Беражонага Бог беражэ», — напісала карыстальніца.
«Сёння адмяніў аўтобусны тур у Грузію. Турфірмы самі баяцца ехаць», — дадае мужчына.
«Мы ў Абхазію павінны былі спачатку ехаць на машыне — адмовіліся, забраніравалі авіябілеты на 27 чэрвеня ў Сочы, але ў выніку ўсё адмянілі. Праз усю гэтую сітуацыю нікуды не паедзем».
«У нас быў забраніраваны тур у Кабардзінку з выездам на 3 ліпеня (4 чалавекі). Мы адмянілі паездку!»
Вайна спыняе не ўсіх
Праўда, ёсць і тыя, хто яшчэ не ведае, што адпачынак у Расіі і нават праезд па тэрыторыі РФ — задума небяспечная.
Напрыклад, жанчына, якая мае білеты ў Геленджык на 29 жніўня, спадзяецца, што да гэтага часу ўсё рассасецца.
«Мы 8 ліпеня павінны выязджаць у Геленджык. Не ведаю, што рабіць, проста не разумею», — дадае іншая.
Што да аўтаркі допісу, то праз пару гадзін яна адпісалася, што вырашылі ў Расію не ехаць.