Пуцін упершыню за сем месяцаў выехаў за межы Масквы і Пецярбурга
17—18 чэрвеня Уладзімір Пуцін наведвае Казань, дзе праходзіць саміт Расія — АСЕАН. Гэта першая такая паездка ў рэгіён за апошнія сем месяцаў. Такіх працяглых перапынкаў не было нават падчас пандэміі.
У Казанскім крамлі да людзей Пуцін выйшаў у атачэнні вялікай колькасці аховы і байцоў у камуфляжы, піша «Новая газета. Еўропа».
Падобных сустрэч ён не праводзіў амаль цэлы год. СМІ звязваюць гэта з падзеннем яго рэйтынгаў і намерам паказаць, што палітык па-ранейшаму адчувае сябе ў бяспецы.
Са студзеня па май ён афіцыйна выязджаў з Масквы толькі двойчы — абодва разы ў Санкт-Пецярбург. У 2025 годзе за гэты перыяд ён здзейсніў восем рэгіянальных паездак. Апошні раз ён быў у рэгіёне, дзе няма яго рэзідэнцыі, у лістападзе 2025‑га — тады Пуцін наведаў Самару.