У Рэчыцы расказалі падрабязнасці фатальнай паездкі мясцовых жыхароў у Расію. Аўтобусаў было два, дзяцей 41 з 88
Як паведамілі ў Рэчыцкім райвыканкаме, перавозку арганізоўвалі недзяржаўныя перавозчыкі, зарэгістраваныя ў Рэчыцкім і Калінкавіцкім раёнах. Па маршруце Рэчыца — Геленджык ехалі 88 чалавек у двух аўтобусах. У Геленджык ехала футбольная каманда, а таксама школа танцаў.
Фота з тэлеграм-канала губернатара Бранскай вобласці Ягора Кавальчука
Сярод пасажыраў было 41 дзіця. З іх 28 навучэнцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 Рэчыцкага раёна накіроўваліся на вучэбна-трэніровачныя зборы ў аздараўленчы лагер. Яшчэ 13 дзяцей займаліся ў прыватнай танцавальнай студыі і таксама ехалі на адпачынак і трэніроўкі. Частку дзяцей суправаджалі бацькі, астатнія ехалі ў суправаджэнні дарослых прадстаўнікоў з даверанасцямі.
Паводле інфармацыі, каля 11‑й гадзіны дня ў раёне населенага пункта Рудня ў Бранскай вобласці адзін з двух аўтобусаў, у якім знаходзіліся 43 пасажыры, быў пашкоджаны ў выніку атакі беспілотнага лятальнага апарата. Пасля здарэння ўсіх пасажыраў даставілі ў горад Почап Бранскай вобласці.
Па ўдакладненых даных, у выніку атакі пацярпелі восем чалавек, адзін чалавек загінуў. У цяжкім стане быў шпіталізаваны трэнер-выкладчык дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2. Таксама траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі шасцёра дзяцей.
Пацярпелым аказваецца неабходная медыцынская дапамога. Для падтрымкі расійскіх калег у Бранскую вобласць з Беларусі выехалі тры брыгады медыкаў, у склад якіх уваходзяць і спецыялісты рэспубліканскага ўзроўню. У сваю чаргу бальніцы Гомельскай вобласці заявілі пра гатоўнасць прыняць пацярпелых для далейшага лячэння, калі будзе прынята рашэнне аб іх перавозцы ў Беларусь.
Па факце здарэння распачалі крымінальную справу.
Чытайце таксама:
Шпіталізаваныя 8 пасажыраў аўтобуса, які пацярпеў у Бранскай вобласці. Шасцёра з іх — дзеці
«Інфармацыйная правакацыя Крамля». Ва Украіне пракаментавалі ўдар па беларускім аўтобусе з дзецьмі