Гурневіч заклікаў падпісаць петыцыю за ўсталяванне БЧБ-сцяга на Грунвальдскім полі
Журналіст Дзмітрый Гурневіч звярнуў увагу на грамадскую ініцыятыву — зварот да кіраўніцтва Музея Бітвы пад Грунвальдам з просьбай усталяваць на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу бел-чырвона-белы штандар.
Сёння на Грунвальдскім полі лунаюць дзяржаўныя сцягі Польшчы, Літвы і Украіны, аднак беларуская сімволіка, нягледзячы на каласальны гістарычны ўклад нашых продкаў у супольную перамогу 1410 года, там адсутнічае.
Аўтары петыцыі нагадваюць, што харугвы Вялікага Княства Літоўскага, сфармаваныя на беларускіх землях — у Полацку, Віцебску, Наваградку, Гродне, Менску і іншых гарадах, — змагаліся супраць Тэўтонскага ордэна нароўні з саюзнікамі.
Усталяванне БЧБ-сцяга, пад якім беларусы абвясцілі сваю дзяржаўнасць у 1918 годзе, аднавілі незалежнасць у 1991 годзе, які ў 2020 годзе стаў сімвалам мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і дыктатуры, аўтары называюць актам гістарычнай справядлівасці. А таксама знакам салідарнасці ў час, калі беларускі народ перажывае прыгнёт дыктатуры і ідэалогіі рускага свету.
Дзмітрый Гурневіч назваў гэтую ініцыятыву «вельмі талковай», аднак выказаў здзіўленне нізкай актыўнасцю суайчыннікаў.
Паводле яго слоў, пры наяўнасці сотняў тысяч беларусаў у Польшчы петыцыю на момант публікацыі падпісалі ўсяго каля 200 чалавек.
Журналіст заклікаў да масавай падтрымкі звароту і адзначыў, што было б ідэальна, каб подпісы пад ім паставілі і вядомыя беларускія палітыкі, якія зараз знаходзяцца ў Польшчы, уключаючы Зянона Пазняка, Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку і Андрэя Саннікава.
Сам Гурневіч петыцыю не толькі ўжо падтрымаў, але і паабяцаў дадаткова звязацца з кіраўніцтвам музея па тэлефоне, каб асабіста агучыць гэтую просьбу.