Жыхарка Магілёва набыла клубніцы на рынку. Яе запэўнівалі, што яны мясцовыя, але праўду выдала адна дэталь
Жыхарка Магілёва купіла на рынку клубніцы, якія прадавец называў мясцовымі. Але дома заўважыла дэталь, якая выклікала бурнае абмеркаванне ў сацсетках, піша BG.Media.
Фота: threads.com/@shaldaeva.kseniya
«Гэта нашы, магілёўскія»
Магілёўчанка падзялілася ў Threads забаўнай гісторыяй пра куплю клубніц на рынку. Паводле слоў жанчыны, прадавец запэўніваў яе, што ягада вырашчаная ў Магілёве і прадаецца непасрэдна ад мясцовых вытворцаў.
Аднак жа дома пакупніца выявіла нечаканую дэталь. На дне скрынкі, у якой ляжалі ягады, апынулася газета з Лунінецкага раёна, які ў Беларусі лічыцца неафіцыйнай сталіцай клубніц.
«Прадавец клубніц на рынку: «Гэта нашы клубніцы, магілёўскія, самі вырошчваем». Таксама газетка на дне скрынкі», — напісала аўтарка публікацыі.
Фота: threads.com/@shaldaeva.kseniya
Жанчына таксама звярнула ўвагу на буйны памер ягад і з гумарам дадала: «Ну і такія коні ў нас таксама звычайна не растуць».
Карыстальнікі жартуюць пра правал «легенды»
Публікацыя хутка сабрала дзясяткі каментарыяў. Многія ўспрынялі сітуацыю з гумарам.
«Шцірліц ніколі яшчэ не быў так блізка да правалу», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
Іншыя адзначылі, што Лунінец даўно вядомы сваімі ягадамі:
«Лунінец — сталіца брэсцкіх клубніц»;
«Для кагосьці навіна, што ў Лунінцы вырошчваюць клубніцы?»;
«Брэсцкія клубніцы — гэта база».
Некаторыя каментатары прызналіся, што не бачаць праблемы ў паходжанні ягад:
«Лунінецкія клубніцы лепшыя за магілёўскія, таму я б не асабліва расстроілася»;
«Я б да магілёўскіх насцярожана паставіўся»;
«Навошта казаць, што яны мясцовыя?»
Пры гэтым частка карыстальнікаў звярнула ўвагу не на паходжанне ягад, а на тое, што прадавец мог уводзіць купцоў у зман:
«Гэта проста галімы перакуп, нічога асабістага»;
«Пралічыліся, але дзе?»;
«Ну гэта пракол!»
Адна з жанчын расказала, што сутыкнулася з падобнай сітуацыяй:
«Гэта ў 5‑м мікрараёне? Я таксама знайшла на дне скрыні такую газетку. Проста навошта хлусіць, што магілёўскія?»
У каментарыях таксама нагадалі, што на рынках і ўздоўж дарог нярэдка прадаюць ягады пад выглядам хатніх ці мясцовых, хоць фактычна яны могуць быць прывезеныя з іншых рэгіёнаў.
Зрэшты, знайшліся і тыя, хто паставіўся да гісторыі па-філасофску. Адзін з карыстальнікаў пажартаваў, што лунінецкая газета ў скрыні зусім не доказ, а крыніца карыснай інфармацыі:
«Дык ён выпісвае лунінецкую, каб рэцэпты догляду за клубніцамі чытаць».
Адна ж жанчына прыгадала пра выпадак, калі сутыкнулася з адваротнай сітуацыяй — калі прадавец з Магілёўшчыны ў Мінску хацеў абавязкова давесці, што ягоны тавар з Лунінца. Але не прайшоў самы просты тэст:
«Я родам з Лунінецкага раёна. Пару гадоў таму ў Мінску пытаемся ў прадаўца, адкуль клубніцы?
Ён: «З ЛунінцА (націск на «а»), мы з мужам у голас:
«Зразумела, што прадавец не з ЛУнінца (націск на «у»)
Аказалася, што мелі рацыю, машына на магілёўскіх нумарах».
Чытайце таксама:
«Лепш выкінуць, чым аддаць?» Фермер паказаў, як выкідае клубніцы, і выклікаў абурэнне
У Баранавіцкім раёне трапіў у ДТЗ аўтамабіль з клубніцамі. Ягады заслалі дарогу ФОТА
У Мінску беларускія клубніцы прадаюцца ўжо ад 5 рублёў за кілаграм
У клубнічнай сталіцы Беларусі запрацаваў аптовы рынак. Што па цэнах?