У Пастаўскім раёне 17‑гадовага кіроўцу затрымлівалі са стральбой
У Пастаўскім раёне супрацоўнікі ДАІ прымянілі службовую зброю падчас затрымання непаўналетняга кіроўцы, які спрабаваў уцячы ад пагоні, паведаміла прэс-служба МУС.
Скрыншот з відэа
Інцыдэнт адбыўся на аўтамабільнай дарозе Р-27 «Браслаў — Паставы — Мядзел». Інспектары ДАІ заўважылі аўтамабіль Fiat і падалі кіроўцу сігнал аб неабходнасці спыніцца. Аднак той праігнараваў патрабаванне і працягнуў рух.
Пачаўся пераслед. Паводле інфармацыі ДАІ, кіроўца неаднаразова атрымліваў патрабаванні спыніцца, але не рэагаваў на іх і працягваў спробу схавацца. На відэазапісе з месца падзей чуваць, як адзін з інспектараў папярэджвае: «Спыняемся, зараз буду страляць па колах», аднак аўтамабіль працягнуў рух.
Паколькі паводзіны кіроўцы, паводле ацэнкі міліцыі, стваралі пагрозу для іншых удзельнікаў дарожнага руху, супрацоўнікі ДАІ прынялі рашэнне выкарыстаць табельную зброю і адкрылі агонь па колах машыны.
Пасля спынення аўтамабіля высветлілася, што за рулём знаходзіўся 17‑гадовы мясцовы жыхар, які не меў права кіраваць транспартным сродкам. У салоне таксама быў ягоны аднагодак, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
У дачыненні да непаўналетняга кіроўцы склалі сем адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за непадпарадкаванне патрабаванню супрацоўнікаў міліцыі. Сабраныя матэрыялы перадалі ў камісію па справах непаўналетніх.