Зорную Іспанію ў матчы супраць сціплага Каба-Вэрдэ спыніў 40‑гадовы брамнік па мянушцы «Бабуля». Вось што пра яго вядома
Нулявая нічыя ў матчы зборных Іспаніі і Каба-Вэрдэ стала першай па-сапраўднаму гучнай сенсацыяй чэмпіянату свету па футболе. Галоўны герой гэтай сустрэчы — Вазінья, брамнік афрыканскай зборнай, піша Руская служба Бі-бі-сі.
Вазінья. Фота: Icon Sportswire via Getty Images
Да пачатку матча на інстаграм Вазіньі былі падпісаныя 56 тысяч чалавек. Падчас пасляматчавага інтэрв'ю падпісчыкаў ужо было 1,5 мільёна, а на наступны дзень — больш за 5 мільёнаў. «Гэта вар'яцтва», — сказаў агаломшаны брамнік.
Каба-Вэрдэ — дэбютант чэмпіянатаў свету. Аднак жа выхад зборнай афрыканскай астраўной дзяржавы ў фінальную частку ЧС складана назваць выпадковым: у адборачнай групе Каба-Вэрдэ апярэдзіла Камерун на чатыры ачкі і забяспечыла сабе прамое траплянне на турнір.
Тым не менш, зорак у складзе Каба-Вэрдэ няма, і Іспанія перад матчам першага тура групавога турніру лічылася безумоўным фаварытам.
Нечаканы герой матча
Пасля фінальнага свістка камеры выхапілі буйным планам твар 40‑гадовага брамніка. Гульня скончылася з лікам 0:0, іспанскія зоркі так і не змаглі забіць Каба-Вэрдэ. Футбалісты афрыканскай зборнай кінуліся абдымаць свайго брамніка, які атрымаў узнагароду як найлепшы гулец матча.
Фота: Icon Sportswire via Getty Images
«Гэтае выступленне — заслуга кожнага. Я — галоўны герой гульні, але гэтая ўзнагарода для ўсіх маіх калег, бо без іх нічога не атрымаецца. І я буду працягваць працаваць на карысць каманды і людзей», — сказаў Вазінья пасля матча.
На кожным мундыялі бываюць свае героі: так, падчас ЧС-2014 брамнік Коста-Рыкі Кейлар Навас настолькі ўразіў спецыялістаў, што быў набыты мадрыдскім «Рэалам». Праз год Навас стаў асноўным галкіперам «Рэала» і пасля выйграў тры Лігі чэмпіёнаў.
Вазінья з-за ўзросту на нешта падобнае разлічваць не зможа. Але матч супраць Іспаніі стаў пікам яго ў цэлым не надта ўражлівай кар'еры.
«Бабуля»
У партугаламоўных краінах, да якіх адносіцца і Каба-Вэрдэ, футбалісты часта выступаюць пад мянушкамі.
Сапраўднае імя брамніка зборнай Каба-Вэрдэ — Жазімар Дыяс. Фота: Maddie Meyer — FIFA/FIFA via Getty Images
Насамрэч брамніка зборнай завуць Жазімар Дыяс. Яго назвалі ў гонар бразільца Жазімара, які забіў на ЧС 1986 года мяч у вароты зборнай Паўночнай Ірландыі — той гол прызналі адным з найпрыгажэйшых на турніры.
У дзяцінстве да яго прыкіпела мянушка Вазінья (Vozinha) — «бабуля».
«Я ніколі не жыў з бацькамі. Калі я нарадзіўся, мой бацька служыў у арміі, а маме заўсёды даводзілася працаваць, таму я вырас з бабуляй і дзядулем. У нашым раёне іншыя хлопчыкі былі нашмат старэйшыя, і я пастаянна гуляў з імі на вуліцы — і атрымліваў напоўніцу. Я добра гуляў і не любіў прайграваць, мяне часта білі, і я вяртаўся дадому раз'юшаны. А яны смяяліся з мяне і казалі, што я пайду скардзіцца бабулі і дзядулю», — расказаў Вазінья ў інтэрв'ю два гады таму.
Брамнік цярпець не мог сваю мянушку. Але ў выніку змірыўся з ёй. У 2012 годзе, калі яму было 26 гадоў, Жазімар Дыяс упершыню адправіўся гуляць за межы Каба-Вэрдэ, у ангольскі клуб «Прагрэса». Але там ужо быў іншы варатар па імені Жазімар.
«Таму я вырашыў, што не буду пісаць на цішотцы «Жазімар II». А паколькі ўсе ў Каба-Вэрдэ ведалі мяне як Вазінью, я і застаўся пад гэтым іменем», — узгадваў брамнік.
Пасля матча з Іспаніяй Вазінья плакаў ад шчасця. Наперадзе — гульні супраць Уругвая і Саудаўскай Аравіі. Фота: Patrick Smith — FIFA/FIFA via Getty Images
У яго кар'еры няма вядомых клубаў. На слыху хіба што толькі партугальскі «Жыл Вісэнтэ», за які Вазінья гуляў усяго толькі адзін сезон, а таксама «Зімбру» з Малдовы. Зараз ён выступае за клуб «Шавеш», які займае 9‑е месца ў другім дывізіёне чэмпіянату Партугаліі.
Пару гадоў таму Вазінья збіраўся завяршаць кар'еру, але зборная стала набіраць абароты ў адборачным турніры, і ён вырашыў застацца, разлічваючы на цуд — магчымасць згуляць на чэмпіянаце свету.
Цуд у выніку стаў рэальнасцю, а Вазінья не толькі згуляў на нуль з Іспаніяй, але і ўсталяваў рэкорд — ён самы ўзроставы гулец, які дэбютаваў на ЧС.
Чытайце таксама:
Грозныя іспанцы не змаглі нічога зрабіць са зборнай Каба-Вэрдэ
Адны нічыі. Вынікі футбольнай ночы на мундыялі
Зборная Германіі разграміла Кюрасаа
Іспанія ўпершыню едзе на чэмпіянат свету без гульцоў мадрыдскага «Рэала»
На чэмпіянат свету па футболе выйшла зборная краіны, чый сцяг парадуе вока многіх беларусаў