БЕЛ Ł РУС

Казарцаў: Буду ў «Міратворцы» са Святланай Алексіевіч, Максам Каржом і Сяргеем Ціханоўскім

16.06.2026 / 18:22

Nashaniva.com

Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Яўген Казарцаў даведаўся пра тое, што трапіў у базу ўкраінскага цэнтра «Міратворац», два тыдні таму. Спрабаваў «абгрунтаваць, чаму напісанае ёсць хлуснёй і маніпуляцыяй, адказу не атрымаў — гэта іх права». Больш рэагаваць «на відавочную і, магчыма, скаардынаваную атаку», не лічыць патрэбным, гаворыць ён Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Яўген Казарцаў. Фота: «Наша Ніва»

«Я ведаў, што мяне ўнеслі ў гэтую базу, ужо два тыдні таму. Ну дадалі і дадалі, падумаў, — каментуе БАЖ сітуацыю Яўген Казарцаў. —

На «Міратворцы» тэкст напісаны маімі дзвюма «прыхільніцамі», якія ўжо некалькі месяцаў атакуюць мяне ўсімі магчымымі шляхамі. Яны і донарам («Еўрарадыё») пісалі, і ў Facebook нешта. Дарэчы, я ж дзеля бяспекі працаваў ананімна гэтыя гады, але яны зрабілі аўтынг, бо ім відавочна ўсё роўна на бяспеку іншых».

Яўген Казарцаў называе паведамленне на ўкраінскім валанцёрскім партале «маніпулятыўным»:

«Што я працаваў на «Спутніку», я ніколі і не хаваў — гэта ў мяне ў Linkendin пазначана і г. д. Але тыя спасылкі, што яны даюць, яны перакручваюць. Напрыклад, калі чытаць па спасылках, нідзе я не адмаўляю існаванне палітвязняў. Артыкул, у якім я нібыта называю добраахвотніка «нацыстам» — гэта інтэрв’ю з яго сябрам, які кажа, што такога ніколі не было, і цытата МУС Беларусі. Вядома, непрыемна тое, што маніпуляцыі і перакручванне фактаў нехта ўспрымае як праўду і не чытае далей. Але што ж тут зрабіць».

Яўген Казарцаў кажа, што ўжо пачаў збіраць ананімныя пытанні ў сетцы X, каб потым адказваць падпісчыкам.

«Я ўзначальваю рэдакцыю «Еўрарадыё» ўжо паўтара года. Палітыка СМІ, якая палягае ў поўнай падтрымцы Украіны і асуджэнні расійскай агрэсіі, аніяк не змянілася. Мы публікавалі артыкулы і відэа і пра добраахвотнікаў, і пра расійскія злачынствы, і рэпартаж з Бучы і г. д. І так працягнецца. Тыя, хто захоча разабрацца, а не проста кідацца словамі — тыя разбяруцца», — зазначыў Яўген Казарцаў.

Журналіст кажа, што спрабаваў кантактаваць з «Міратворцам»:

«Калі я даведаўся, што трапіў у базу (даведаўся, дарэчы, з расійскага медыя), я напісаў у гэты праект — там ёсць адрас, маўляў, калі вы лічыце нешта памылкай, пішыце. З цытатамі з тых жа спасылак я абгрунтаваў, чаму напісанае ёсць хлуснёй і маніпуляцыяй. Адказу не атрымаў — гэта іх права. Нечага іншага рабіць не планую.

Калі лічаць, што я мушу быць там — буду там разам са Святланай Алексіевіч, Максам Каржом і Сяргеем Ціханоўскім. Не самая кепская кампанія. Увогуле рэагаваць на відавочную і, магчыма, скаардынаваную атаку «добразычлівіц», не лічу патрэбным. І так працы шмат».

Чытайце таксама:

Галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» ўнеслі ў базу ўкраінскага сайта «Міратворац»

Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Яўген Казарцаў расказаў, як пяць гадоў працаваў на «Спутніку» і колькі зарабляў

«Гэта не артыст пакалення, яго ведаюць толькі ў тусовачцы». У твітары разгарэлася «бітва за Вольскага»

Каментары да артыкула