Расія распрацавала сістэму РЭБ коштам $1,5 мільёна, здольную глушыць сігнал Starlink на плошчы 20 квадратных кіламетраў
Расійскія вайскоўцы пачалі прымяняць новую сістэму радыёэлектроннай барацьбы «Волна Купол Гарант», здольную падаўляць сігнал спадарожнікавай сувязі Starlink на плошчы да 20 квадратных кіламетраў. Пра гэта паведаміў дарадца міністра абароны Украіны, спецыяліст у галіне вайсковых радыётэхналогій Сяргей Бяскрэстнаў (пазыўны «Флэш»), піша The Moscow Times.
Фота: Мінабароны Расіі
Паводле даных Сяргея Бяскрэстнава, комплекс вырабляе сімферопальскае прадпрыемства ТАА «Расійскі купал», ён пастаўляецца арміі па цане каля 1,5 мільёна даляраў за адзінку.
Прынцып працы сістэмы, паводле слоў Флэша, даволі просты: на зямлі размяшчаюцца спадарожнікавыя антэны, накіраваныя на спадарожнік Starlink, які пралятае міма. Сістэма выпраменьвае магутныя перашкоды ў дыяпазоне 14—14,5 ГГц.
«Гэты дыяпазон падзелены на 8 каналаў шырынёй 62,5 МГц кожны. Расіяне ўмоўна ўзялі 8 спадарожнікавых талерак, накіравалі іх на спадарожнік, і кожная талерка перадае перашкоды на сваім канале. Усё. Спадарожнік «аглух», — патлумачыў эксперт.
Першае прымяненне такой сістэмы, паводле даных «Флэша», было зафіксавана яшчэ ў 2024 годзе на харкаўскім кірунку, але тады комплекс хутка выявілі і знішчылі. Да 2026 года масавых спроб паўторнага выкарыстання не фіксавалася. Аднак пасля пачатку атак Украіны на расійскую лагістыку выпадкі падаўлення Starlink пачасціліся.
Нядаўна камандзір 422‑га асобнага падраздзялення Беспілотных сіл апублікаваў відэа знішчэння аднаго такога комплексу, пацвердзіўшы, што ўкраінскія сілы сістэматычна выяўляюць і ліквідуюць падобныя сродкі РЭБ.
Напрыканцы мая старшыня расійскай Дзярждумы Вячаслаў Валодзін заявіў, што выкарыстанне спадарожнікавых тэхналогій Украінай можа вымусіць Расію прымяніць зброю, «якая не пакіне следу ні ад каго». Пры гэтым раней расійская армія сама актыўна выкарыстоўвала тэрміналы Starlink для каардынацыі войскаў, але пасля таго як SpaceX па патрабаванні Кіева адключыла ўсе незарэгістраваныя ва Украіне апараты, прасоўванне расійскіх войскаў рэзка запаволілася.
10 чэрвеня Дзярждума прыняла пакет паправак, якія забараняюць продаж у Расіі абсталявання для замежных сістэм спадарожнікавай сувязі, што не атрымалі дазволу на выкарыстанне расійскіх радыёчастот — у першую чаргу гаворка ідзе пра тэрміналы Starlink. У расійскім Міністэрстве лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый пацвердзілі, што новыя меры замацоўваюць забарону на продаж абсталявання, якое працуе ў абыход дзяржрэгулявання. Паралельна ў Расіі спрабуюць стварыць уласныя спадарожнікавыя сістэмы сувязі, у прыватнасці праект «Рассвет» кампаніі «Бюро 1440», які называюць расійскім аналагам Starlink.
Чытайце таксама:
Расійскі аналаг Starlink страціў адзін са сваіх спадарожнікаў
У Беларусі запусцяць расійскую сістэму, якая прэзентуецца як аналаг Starlink
Украіна адкрыла дарогу сваім дронам для ўдараў па Расіі, знішчыўшы прыфрантавую СПА
Адключэнне «Старлінкаў»: як гэта паўплывала на ўкраінскую і расійскую арміі