БЕЛ Ł РУС

У гадавіну смерці Жанны Фрыске Дзмітрый Шэпелеў распавёў, чаму не дазваляе сыну бачыцца з яе сваякамі

16.06.2026 / 19:28

Арына Жураўская

Бацька Фрыске ў адказ пагражае пазбавіць унука спадчыны. Кажа, што калі не сустрэнецца з Платонам, дык завяшчае кватэру сваёй іншай унучцы.

Дзмітрый Шэпелеў. Фота з яго інстаграма

15 чэрвеня была гадавіна смерці знакамітай расійскай спявачкі Жанны Фрыске. З гэтай нагоды яе ўдавец Дзмітрый Шэпелеў напісаў вялікі допіс у сваіх сацсетках — прысвяціў яго беларускі шоўмен іх агульнаму сыну Платону і яго сваякам па маці.

Дзмітрый Шэпелеў і Жанна Фрыске. Фота: woman.ru

Ён распавёў, што на стале 13‑гадовага хлопчыка стаіць вялікае фота мамы.

«Сёння мы з Платонам купім кветкі, як заўсёды ў гэты дзень, і моцна абдымем адзін аднаго. «Не забывай, мама заўсёды побач», — паўтараю яму адны і тыя ж словы. Я бачу яе працяг у Платоне: усмешку, жэсты, яны нават маўчаць падобна. Жанна заўсёды побач. Яна застаецца з намі ціха, кожны дзень, без даты ў календары. Як можа быць інакш? Памяць пра яе належыць нашаму сыну, нашай сям'і і мільёнам людзей, якія яе любілі і для якіх яна стала вобразам свайго часу — яркая, таленавітая, такая прыгожая».

Скрыншот допіса Дзмітрыя Шэпелева ў інстаграме

Дзмітрый падкрэсліў, што яму самому ўжо 43 гады — больш, чым было Фрыске, калі яна памерла. І дадаў, што з кожным годам ён усё больш спачувае бацькам Жанны, якія рана згубілі дачку.

Магіла Жанны Фрыске. Сторыс яе сястры Наталлі

Вядучы прызнаўся, што за гэты час атрымаў ад іх дзясяткі просьбаў сустрэцца з унукам — але кожны раз адмаўляў.

Дзмітрый агучыў і прычыну такога жорсткага рашэння. Маўляў, бабуля і дзядуля хацелі пабачыць Платона ў тэлевізійнай студыі пад камерамі і на публіцы. Шэпелеў запэўнівае, што іншых варыянтаў, акрамя сустрэч у эфіры, яму не прапаноўвалі.

Скрыншот тэлеграм-канала Дзмітрыя Шэпелева

«Мне вельмі горка ад таго, што самыя блізкія людзі для Платона незваротна ўпусцілі яго дзяцінства, не былі побач у звычайныя дні, без камер і нагод. Гэта тое, што нельга вярнуць і нельга перазняць. Я плачу, калі думаю пра гэта. Гэта іх выбар, іх боль, і я не магу гэта змяніць».

Шэпелеў падкрэсліў: як бацька ён мае права вырашаць, з кім будзе бачыцца яго сын. Але сустрэчы Платона з кімсьці не павінны пераўтварацца ў матэрыял для эфіру, бо сям’я — гэта не кантэнт: «Я кажу гэта спакойна і без крыўды: тое, што адбываецца паміж блізкімі людзьмі, не мае патрэбы ў здымках і мантажы».

Пра Платона вядучы распавёў, што той расце ў любові і спакоі — і гэта ўсё, што пра яго трэба ведаць іншым людзям.

Дзмітрый Шэпелеў з жонкай Кацярынай Тулупавай. Фота з інстаграма Дзмітрыя

Трэба адзначыць, што ўжо шмат гадоў Шэпелеў жыве з дызайнеркай Кацярынай Тулупавай. Пазнаёміліся яны ў 2016 годзе (сын Дзмітрыя і дачка Кацярыны хадзілі ў адзін садок), у 2021 годзе ў іх нарадзіўся агульны сын Ціхан. Але афіцыйна пара зарэгістравала шлюб толькі летась.

Сын Жанны Фрыске Платон Шэпелеў 

У каментары да допісу Дзмітрыя прыйшла і хросная Платона — тэлевядучая і спявачка Вольга Арлова, якая была блізкай сяброўкай Жанны Фрыске. Раней у інтэрв’ю Арлова распавядала, што апошні раз бачыла хлопчыка, калі таму было два гады. Пасля яна неаднойчы прасіла ў Дзмітрыя пра сустрэчу з хрэснікам, але той адмаўляў. Вольга выказвала здагадку: імаверна, прычына ў тым, што яна асацыюецца ў Шэпелева з тым часам, які той не хоча ўспамінаць.

У каментарах Арлова напісала: «Дзіма, дазволь мне, калі ласка, сустрэцца з Платонам. Без камер, тэлестудый і кантэнту». Шэпелеў адказаў лаканічна: «Вольга, напісаў табе ў дырэкт».

Допіс Шэпелева абурыў 73‑гадовага бацьку Жанны Фрыске. Уладзімір пракаментаваў журналістам абвінавачванне бацькі свайго ўнука: «Ён схаваў Платона і недзе напісаў, што мы хочам толькі праз камеру бачыцца. Мы яго 12 гадоў не бачылі! Што мы хочам? Праз якія камеры? Хто пра што дамаўляецца? У нас нават яго кантактаў няма, не зразумею, да чаго ён гэта. Мы з ім не размаўляем шмат гадоў».

Жанна Фрыске (справа) з мамай, сястрой і сынам. Фота: woman.ru

Уладзімір Фрыске заявіў, што яго сям'я спрабавала выйсці на сувязь з Платонам: пісалі хлопцу ў сацсетках, звярталіся ў школу і да новай каханай Дзмітрыя. Але ж тая не захацела быць пасрэдніцай у гэтым пытанні. Самога Шэпелева бацька Жанны Фрыске бачыць не хоча.

Уладзімір Фрыске пагражае: калі ім не дазволяць пабачыць унука, дык бабуля з дзядулям могуць пакінуць яго без спадчыны. Гаворка ідзе пра маскоўскую кватэру Жанны Фрыске, якую пасля смерці дачкі атрымалі яе бацькі. Элітную нерухомасць рыэлтары ацэньваюць прыблізна ў 830‑970 тысяч даляраў.

Бацькі Жанны Фрыске з малодшай унучкай Лунай. Фота з інстаграма Наталлі Фрыске

Бацька Жанны кажа, што, калі не сустрэнецца з Платонам, можа пакінуць кватэру ўнучцы ад сваёй іншай дачкі Наталлі:

«Трэба разумець, што я ўжо не малады чалавек і калі крый божа здарыцца… Дык усе застануцца без нічога, трэба вырашыць гэтыя пытанні. Мы не бачым унука, незразумела, як далей. Я вырашыў, што калі не зменіцца, то хутка перапішу ўсё на малодшую ўнучку, на Луняшу, тады Платоша застанецца без нічога».

Чытайце таксама:

Беларус Дзмітрый Шэпелеў расказаў падрабязнасці хваробы, лячэння і смерці Жанны Фрыске

Беларус Дзмітрый Шэпелеў страціў працу на расійскім тэлебачанні

Беларус Шэпелеў, які нядаўна стаў вядоўцам праграмы на «Россия 1», наведаў Марыупаль. Раней ён выбачаўся перад украінцамі

«Так не павінна, так не можа працягвацца». Дзмітрый Шэпелеў пракаментаваў збіццё Максіма Харошына

Каментары да артыкула