БЕЛ Ł РУС

Вялікабрытанія прызначыла новага часовага паверанага ў Беларусі

16.06.2026 / 16:32

Nashaniva.com

Новым часовым павераным у справах Вялікабрытаніі ў Мінску прызначылі Уільяма Лонгхёрста. Ён замяніў на гэтай пасадзе Дэвіда Уорда.

Уільям Лонгхёрст

Уільям Джэсі Лонгхёрст — дыпламат з больш чым трыццацігадовым стажам працы.

Ён пачаў дыпламатычную кар’еру ў 1990 годзе, далучыўшыся брытанскага да Міністэрства замежных спраў і спраў Садружнасці. Спачатку працаваў памочнікам супрацоўніка аддзела эканамічных адносін.

У 1992—1995 гадах служыў у пасольстве Вялікабрытаніі ў Сеуле: быў трэцім сакратаром па эканамічных пытаннях, а пасля — другім сакратаром па палітычных пытаннях і інфармацыі. У 1995—1998 гадах працаваў першым сакратаром па камерцыйных пытаннях у брытанскім пасольстве ў Токіа.

У 1998—2001 гадах узначальваў аддзел экспарту ў Японію ў Міністэрстве гандлю і прамысловасці Вялікабрытаніі. З 2001 па 2006 год займаў пасаду першага сакратара ў Пастаянным прадстаўніцтве Вялікабрытаніі пры ААН у Нью-Ёрку, дзе адказваў за фінансавыя пытанні і рэформу кіравання.

У 2006—2007 гадах праходзіў поўны курс вывучэння сербскай мовы, пасля чаго ў 2007—2011 гадах быў намеснікам кіраўніка дыпламатычнай місіі і генеральным консулам Вялікабрытаніі ў Бялградзе.

У 2011—2013 гадах займаў пасаду намесніка кіраўніка дэпартамента АСЕАН у Міністэрстве замежных спраў. У 2014—2018 гадах быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Вялікабрытаніі ў Каралеўстве Камбоджа.

У 2018 годзе ўзначальваў кірунак Global Britain Task Force (Працоўная група «Глабальная Брытанія») у брытанскім МЗС. У 2019 годзе праходзіў інтэнсіўную моўную падрыхтоўку па нямецкай мове, пасля чаго ў 2019—2024 гадах займаў пасаду намесніка кіраўніка місіі і генеральнага консула Вялікабрытаніі ў Швейцарыі і Ліхтэнштэйне.

У 2024—2026 гадах праходзіў поўную моўную падрыхтоўку па рускай мове ў Міністэрстве замежных спраў, па справах Садружнасці і развіцця Вялікабрытаніі.

Прафесійная дзейнасць Уільяма Лонгхёрста, такім чынам, дагэтуль ахоплівала дыпламатыю, міжнародныя адносіны, эканамічнае супрацоўніцтва, працу ў міжнародных арганізацыях, а таксама рэгіёны Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі ды Еўропы.

Чытайце таксама:

Шрайбман назваў краіны, якія маглі б весці перамовы з Лукашэнкам

Вялікабрытанія прызначыла замест пасла часовага паверанага ў справах Беларусі

Франклін Грэм сустрэўся з дыпламатамі ў Вільні

Польскі дыпламат расказаў, як прывозіў Колю мультфільмы на дысках і кім для сям'і Лукашэнкаў быў Макей

Каментары да артыкула