Банкі папярэдзілі пра магчымыя збоі ў працы іх картак
У Беларусі ў ноч на 18 чэрвеня магчымыя часовыя збоі ў працы банкаўскіх картак. Банкаўскі працэсінгавы цэнтр паведаміў, што з 00:00 да 06:30 будуць праводзіцца планавыя прафілактычныя работы на сеткавай інфраструктуры.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
У гэты перыяд у карыстальнікаў могуць узнікнуць цяжкасці з аплатай купляў у крамах, аптэках і на аўтазапраўках, зняццем наяўных у банкаматах, а таксама выкарыстаннем інфакіёскаў і іншых сэрвісаў самаабслугоўвання.
Перабоі могуць закрануць як фізічных асоб, так і арганізацыі гандлю і сферы паслуг, якія выкарыстоўваюць абсталяванне Банкаўскага працэсінгавага цэнтра. Магчымыя таксама абмежаванні ў працы некаторых мабільных дадаткаў і дыстанцыйных плацежных сэрвісаў.
Беларусам рэкамендуюць загадзя паклапаціцца пра наяўныя грошы, асабліва тым, хто плануе начныя паездкі, куплі або іншыя плацяжы ў гэты час.
У Банкаўскім працэсінгавым цэнтры адзначылі, што работы маюць планавы характар і праводзяцца для павышэння надзейнасці і стабільнасці працы плацежнай інфраструктуры.
Чытайце таксама:
Дадатак «Аплаці» таксама будзе запытваць геалакацыю з 1 ліпеня
Беларускім юрасобам дазволілі разлічвацца токенамі
Талончыкамі ў мінскім грамадскім транспарце карыстаецца 13,5% пасажыраў