БЕЛ Ł РУС

Паўтара дзясятка беларусаў і расіян затрымалі за махінацыі з дарагой маскоўскай нерухомасцю

16.06.2026 / 11:54

Nashaniva.com

Аб раскрыцці міжнароднай сеткі шэрых рыэлтараў паведаміў СК.

Гісторыя пачалася з таго, што 59‑гадовы ўраджэнец Міншчыны з багатым крымінальным мінулым, судзімы за рабаванні, згвалтаванне і крадзяжы, пасля чарговага тэрміну перабраўся ў Расію. Там ён выкарыстаў свае сувязі ў крымінальным свеце і сабраў банду.

Першапачаткова саўдзельнікі зараблялі на падробках: яны выраблялі ў Беларусі падробленыя пячаткі, штампы і дакументы, а затым адпраўлялі іх кур'ерамі пакупнікам у Расію.

З часам злачынцы перайшлі да больш буйных маштабаў. Падробкі сталі выкарыстоўваць у Расіі, каб афармляць спадчыну на кватэры памерлых альбо тых людзей, якія вельмі доўга адсутнічалі.

Мэтай была элітная маскоўская нерухомасць, а ролі сваякоў выконвалі падстаўныя асобы.

Такім чынам банда паспела захапіць чатыры кватэры ў Маскве агульнай вартасцю каля 3,2 мільёна беларускіх рублёў, аднак прадаць іх і зарабіць на гэтым фігуранты не паспелі.

На тэрыторыі Беларусі былі затрыманыя чатыры ўдзельнікі банды. У дачыненні да іх завялі крымінальныя справы за стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй, што пагражае тэрмінам да 13 гадоў зняволення. Астатніх, уключаючы самога лідара банды, узялі пад варту ў Расіі. Усяго сілавікі выкрылі 16 удзельнікаў гэтай крымінальнай сеткі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула