Візавы цэнтр Польшчы адмяняе запісы на падачу дакументаў, зробленыя ў перыяд тэставання новай сістэмы
Запісы на падачу дакументаў на польскую візу, зробленыя ў новай сістэме, але да яе афіцыйнага запуску 8 чэрвеня, будуць ануляваныя. Пра гэта паведамілі ў польскім візавым цэнтры — кампаніі VFS Global.
Нагадаем, з 8 чэрвеня запісвацца на падачу дакументаў у візавыя цэнтры Польшчы ў Беларусі трэба па-новаму. Заяўнік павінен прайсці верыфікацыю і стаць у ліст чакання. Пасля з’яўлення свабодных дат яму на электронную пошту павінна прыйсці апавяшчэнне — тады выбраць дату і час падачы ён зможа самастойна, піша Most.
Аднак, як вынікае з паведамлення VFS Global, некаторым заяўнікам удалося зарэгістравацца ў чарзе яшчэ да 8 чэрвеня — падчас тэставання сістэмы. «Усе рэгістрацыі, выкананыя ў перыяд тэставання сістэмы да яе афіцыйнага запуску 8 чэрвеня 2026 года, будуць ануляваныя. Рэгістрацыі, створаныя падчас тэставання функцыянальнасці сістэмы, не лічацца сапраўднымі», — гаворыцца ў паведамленні візавага цэнтра.
Чарга будзе сфарміравана, пачынаючы з першага заяўніка, паспяхова зарэгістраванага 8 чэрвеня.
Рашэнне ануляваць запісы ў візавым цэнтры звязалі з «забеспячэннем сумленнага, празрыстага і карэктнага доступу да сістэмы для ўсіх заяўнікаў» і выкананнем раней абвешчаных умоў запуску.