БЕЛ Ł РУС

Мужчына, якога пяты дзень шукаюць пад Полацкам, — вядомы мінскі доктар

16.06.2026 / 10:30

Nashaniva.com

У Полацкім раёне працягваюцца пошукі мужчыны, які знік падчас падводнай рыбалкі. Аказалася, што гэта вядомы мінскі ўролаг, загадчык аддзялення ў Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, піша Onliner.

48‑гадовы Генадзь Шчатко — вядомы мінскі ўролаг, загадчык аддзялення ў Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Таксама ён вядзе прыём у прыватным медцэнтры Sante.

Пра знікненне Генадзя Шчатко паведаміў пошукава-выратавальны атрад «Фенікс», арыенціроўкі таксама распаўсюджваюць у сацсетках яго знаёмыя.

Вядома, што 11 чэрвеня доктар у кампаніі сяброў адправіўся адпачываць на возера Вядзета. Гэта папулярнае і маляўнічае месца для палатачных лагераў, воднага турызму і падводнай лоўлі, размешчанае за 45 кіламетраў ад Полацка.

Сам вадаём досыць вялікі і глыбокі: плошча воднага люстэрка складае каля 4,61 квадратнага кіламетра, сярэдняя глыбіня — каля 4,5 метра, а максімальная дасягае 12,2 метра.

Каля 5 гадзін раніцы 12 чэрвеня мужчына адправіўся на падводную рыбалку і знік. «На месцы працуюць супрацоўнікі міліцыі, МНС, Таварыства выратавання на водах <…>. Мы верым, што ён яшчэ жывы, і робім усё магчымае, каб яго знайсці», — пішуць блізкія зніклага.

Прыкметы: на выгляд 45—50 гадоў, рост 176—178 см, сярэдняга целаскладу, валасы кароткія, цёмныя, вочы блакітныя. Быў апрануты ў чорны гідракасцюм.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула