БЕЛ Ł РУС

У Беларусі забаронена працаваць яшчэ аднаму вядомаму трэнеру, хоць ён нібыта і не ў чорных спісах. Чым правініўся?

15.06.2026 / 19:43

Nashaniva.com

У нядаўнім выпуску падкаста «На Банке» старшыня праўлення БАТЭ Андрэй Капскі згадаў, што ў трэнера Віталя Жукоўскага ёсць нейкія абмежаванні на працу ў Беларусі. Падрабязнасцяў ён не паведаміў. Пры гэтым Жукоўскі ніколі не выказваўся на палітычныя тэмы і тым больш не дэманстраваў нязгоду з уладай Лукашэнкі. У чорных спісах мінспорту, паводле звестак выдання «Трыбуна», спецыяліст таксама не значыцца. Дык у чым жа справа? 

Гэтая гісторыя пачала разгортвацца ў 2021 годзе. Жукоўскі ў тым сезоне працаваў у БАТЭ — афіцыйна ўзначаліў каманду 21 снежня 2020-га, а пакінуў праз год. Пры ім барысаўцы сталі другімі ў чэмпіянаце і выйгралі Кубак.

Першая палова сезона, як расказваюць інфармаваныя крыніцы, прамінула спакойна — ніхто з мінспорту не чапаў ні Жукоўскага, ні БАТЭ. Усё змяніў матч кваліфікацыі Лігі канферэнцый у Батумі, дзе прадстаўнік Беларусі мінімальна перамог мясцовае «Дынама». Дакладней, змяніў нават не сам матч, а тое, што паўабаронца БАТЭ Павел Няхайчык, забіўшы пераможны мяч, пабег святкаваць яго да трыбуны з беларускімі заўзятарамі. У іх быў разгорнуты бел-чырвона-белы сцяг (варта адзначыць, што іншых беларускіх заўзятараў на гульні не было).

Гэта, паводле інфармацыі «Трыбуны», вельмі раззлавала міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука. Праз некаторы час ён выклікаў да сябе Капскага і заявіў, што гульцоў, якія дазваляюць сабе такія дзеянні, на полі быць не павінна. Былі названыя і іншыя футбалісты БАТЭ, якім забаранялася гуляць. Яны на той момант ужо фігуравалі ў складзеным чорным спісе. Гэта брамнік Антон Чычкан, абаронцы Максім Бардачоў, Павел Рыбак і Даніла Нячаеў, паўабаронцы Дзмітрый Бяссмертны, Станіслаў Драгун і нападнік Мікалай Сігневіч. Усе яны ў 2020‑м зняліся ў відэа супраць гвалту.

Кавальчук даў зразумець, што калі Капскі не паслухаецца, могуць быць наступствы, праўда, не ўдакладняючы, якія менавіта.

Кіраўнік БАТЭ расказаў пра ўсё Жукоўскаму, а той… працягнуў выпускаць гульцоў, працягваючы змагацца за вынік. Чычкан у другім крузе правёў 5 матчаў у вышэйшай лізе, Бардачоў і Нячаеў — па 12, Рыбак — 8, Бяссмертны і Няхайчык — па 10 (апошні ў пяці матчах быў капітанам), Драгун — 2 (з чэрвеня да кастрычніка быў траўмаваны), Сігневіч — 11 (у адным матчы быў капітанам).

Незадаволены Кавальчук нагадваў Капскаму пра сваю рэкамендацыю, абыходзячыся, праўда, без жорсткіх пагроз.

Сезон БАТЭ завяршыў са срэбрам, а 30 снежня 2021‑га клуб афіцыйна паведаміў, што Жукоўскі сыходзіць пасля заканчэння кантракту. Як сцвярджаюць крыніцы «Трыбуны», пры жаданні Капскі мог і пакінуць спецыяліста: пагадненне было складзена па схеме «1+1» — то-бок мелася опцыя падаўжэння яшчэ на год. Аднак Капскі, развітваючыся, сказаў трэнеру, што нібыта Кавальчук забараняе таму заставацца ў клубе — праз тое, што выкарыстоўваў «непажаданых» футбалістаў.

Жукоўскі шукаў новае месца — і неўзабаве даведаўся, што загад не працаваць з ім паступіў клубам з чэмпіянату Беларусі ад Кавальчука. Трэнер фармальна не быў уключаны ў чорныя спісы, але клубы не гарэлі лезці на ражон, нават калі трэнер быў ім цікавы.

У выніку Жукоўскі да канца лета 2022‑га сядзеў без працы, пакуль не падпісаў кантракт з казахстанскім «Атырау». З таго часу ён працаваў выключна ў Казахстане.

З лютага гэтага года спецыяліст зноў не мае працы, але ў Беларусі, як кажуць крыніцы «Трыбуны», яму па-ранейшаму працаваць не дазваляецца.

Чытайце таксама:

Беларусы выйгралі ў каманды Наўседы. І прысвяцілі перамогу памяці Мелказёрава

Пераможную серыю Віктара Ганчарэнкі спыніла зборная Буркіна-Фасо

Зборная Беларусі разграміла ў таварыскім матчы сірыйцаў

На чэмпіянат свету па футболе едуць тры былыя гульцы першынства Беларусі

У чэмпіянаце Беларусі па футболе выступае 66‑гадовы гулец

Вядомыя ўсе патэнцыйныя супернікі беларускіх клубаў у новым сезоне еўракубкаў

Каментары да артыкула