Маладое пакаленне перастала гэтага саромецца: 22% амерыканцаў пакалення Z лічаць сябе ЛГБТК. Абсалютная большасць з іх — гэта бісэксуалы
Прычым жанчыны называюць сябе бісэксуальнымі значна часцей за мужчын.
Ілюстрацыйнае фота: Том Хідлстан, Дыега Кальва і Каміла Маронэ ў серыяле «Начны адміністратар». Фота: imdb.com
Доля амерыканцаў, якія адносяць сябе да ЛГБТК-супольнасці, за апошняе дзесяцігоддзе вырасла больш чым удвая. Калі ў пачатку 2010‑х пра такую ідэнтычнасць заяўлялі каля 3,5% дарослых жыхароў ЗША, то цяпер, паводле даных Gallup, — 7,6%.
Галоўным рухавіком гэтых змен сталі прадстаўнікі пакалення Z. Сярод маладых амерыканцаў, якія нядаўна ўступілі ў дарослае жыццё, да ЛГБТК сябе адносяць 22,3% — больш за кожны пяты. Для параўнання: сярод пакалення бэбі-бумераў — тых, каму цяпер 70—80 гадоў, — такіх толькі 2,3%.
Большасць тых, хто адносіць сябе да ЛГБТК, заяўляе пра сваю бісэксуальнасць. Сёння 15% усіх дарослых прадстаўнікоў пакалення Z называюць сябе бісэксуальнымі, а сярод тых, хто адносіць сябе да ЛГБТК-супольнасці, людзі з такой ідэнтычнасцю складаюць больш за палову — 57,3%.
Асабліва часта пра бісэксуальнасць кажуць маладыя жанчыны. Больш за кожную пятую жанчыну пакалення Z (20,7%) можна аднесці да бісэксуалак. Сярод жанчын-міленіялак у бісэксуальнай ідэнтычнасці прызнаваліся каля 9%.
Змены адбываюцца і сярод мужчын. Амаль 7% мужчын пакалення Z называюць сябе бісэксуаламі — гэта больш чым удвая перавышае долю тых, хто называе сябе геем (2,8%). Сярод мужчын-міленіялаў доля бісэксуалаў і геяў прыкладна аднолькавая (адпаведна 2,5% і 2,3%). Акрамя таго, усё больш маладых мужчын апісваюць сябе як «пераважна гетэрасэксуальных», а не выключна гетэрасэксуальных.
Паводле сацыёлагаў, рэч не толькі ў змяненні сэксуальных паводзін. Маладое пакаленне ўсё радзей успрымае сэксуальнасць як набор жорсткіх катэгорый. Для многіх прадстаўнікоў пакалення Z сэксуальная цяга выглядае хутчэй як спектр, чым як дыхатамічны падзел на «гетэрасэксуалаў» і «гомасэксуалаў».
У гэтым, як піша The Wall Street Journal, няма нічога прынцыпова новага. Яшчэ ў 1948 годзе аўтар знакамітай справаздачы пра сэксуальнасць Альфрэд Кінсі пісаў, што чалавецтва нельга падзяліць на дзве асобныя групы — гетэрасэксуалаў і гомасэксуалаў. «Не ўсё ў свеце чорнае і не ўсё белае», — адзначаў ён.
Пры гэтым бісэксуальныя паводзіны не заўсёды супадаюць з бісэксуальнай ідэнтычнасцю. Паводле звестак Pew Research Center, 88% бісэксуалаў, якія маюць пастаяннага партнёра, знаходзяцца ў гетэрасэксуальных адносінах.
Ілюстрацыйнае фота. Джэйкаб Андэрсан (Луі) і Сэм Рыд (Лестат) у серыяле «Інтэрв'ю з вампірам». У апошнія гады тэмы сэксуальнай разнастайнасці і небінарных ідэнтычнасцяў усё часцей становяцца часткай папулярнай культуры. Фота: AMCsAnneRice / Х
Сітуацыю дадаткова ўскладняе наяўнасць мужчын, якія не лічаць сябе бісэксуаламі, але тым не менш адчуваюць рамантычную або сэксуальную цягу да асоб свайго полу.
Псіхолаг Рыч Савін-Уільямс, аўтар кнігі «Пераважна гетэрасэксуалы: сэксуальная флюіднасць сярод мужчын» (Mostly Straight: Sexual Fluidity Among Men), прыйшоў да высновы, што паміж выключна гетэрасэксуальнымі і бісэксуальнымі мужчынамі існуе значная прамежкавая група. Гаворка пра людзей, якія лічаць сябе гетэрасэксуаламі і ў асноўным адчуваюць цягу да жанчын, але пры гэтым могуць адчуваць пэўную сэксуальную або рамантычную цягу і да мужчын.
У шэрагу даследаванняў, у тым ліку з выкарыстаннем фізіялагічных паказчыкаў накшталт вымярэння пашырэння зрэнак пры праглядзе эратычных выяў, выявілася, што такія мужчыны адрозніваюцца як ад выключна гетэрасэксуальных, так і ад бісэксуальных мужчын. Савін-Уільямс называе гэтую групу «пераважна гетэрасэксуальнымі» і лічыць, што яна значна больш распаўсюджаная, чым прынята думаць.
Іншыя даследаванні таксама сведчаць, што мужчынская сэксуальная арыентацыя не абмяжоўваецца простым падзелам на дзве катэгорыі. Як адзначалі аўтары аднаго даследавання 2020 года, мужчынская сэксуальнасць існуе хутчэй на кантынууме, чым у выглядзе строгай дыхатаміі.
Апытанне, праведзенае ў 2025 годзе, увогуле прапанавала восем розных катэгорый бісэксуальнасці — ад людзей, якія толькі часам адчуваюць цягу да свайго полу, да тых, хто хацеў бы мець такі досвед у будучыні.
Як адзначае WSJ, прадстаўнікі пакалення Z асабліва схільныя ўспрымаць сэксуальную цягу не як жорсткую катэгорыю, а як спектр або шкалу. Яны таксама больш свабодна ставяцца да раздзялення ідэнтычнасці і фактычных паводзін, сцвярджае Джын Твэндж, аўтарка кнігі «Пакаленні: рэальныя адрозненні паміж Gen Z, міленіяламі, Gen X, бумерамі і маўклівым пакаленнем — і што яны значаць для будучыні Амерыкі» (Generations: The Real Differences between Gen Z, Millennials, Gen X, Boomers and Silents—and What They Mean for America’s Future).
«Для пакалення Z тое, што пачыналася як прыняцце адрозненняў, а потым ператварылася ў прыняцце канкрэтных ідэнтычнасцей, цяпер стала працэсам поўнай адмовы ад ярлыкоў, — тлумачыць Твэндж. — Іх пазіцыя палягае ў наступным: «Я магу лёгка змяніцца заўтра». І яны ставяцца да гэтага абсалютна натуральна і нязмушана».
Чытайце таксама:
Вобраз мача ўжо не ў модзе: як пакаленне Z абірае партнёра
Контрадэйтынг: новы падыход да спатканняў, які дапаможа перазагрузіць асабістае жыццё
«Ён не ведаў, што мне падабаюцца дзяўчаты». Бісэксуалка расказала пра свой досвед