БЕЛ Ł РУС

Замест банкету — турнір змешаных адзінаборстваў. Як Трамп адзначыў 80‑годдзе

15.06.2026 / 20:46

Антось Жупран

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адзначыў сваё 80‑годдзе 14 чэрвеня незвычайным для амерыканскіх кіраўнікоў чынам — замест традыцыйнага прыёму ці ўрачыстага банкету на тэрыторыі Белага дома адбыўся турнір змешаных адзінаборстваў UFC Freedom 250.

Дональд Трамп і першая лэдзі Меланія Трамп падчас турніру UFC Freedom 250 на Паўднёвай лужку Белага дома. Вашынгтон. Фота: Evan Vucci / Pool Photo via AP

Святкаванне пачалося з сімвалічнага выхаду Дональда Трампа і кіраўніка UFC Даны Уайта з Авальнага кабінета на балкон Блакітнай залы Белага дома. Гледачы сустрэлі іх скандаваннем «USA! USA!». Пасля гэтага стартаваў турнір UFC Freedom 250, прымеркаваны адначасова да 80‑годдзя амерыканскага прэзідэнта і 250‑годдзя падпісання Дэкларацыі незалежнасці ЗША.

Дональд Трамп і кіраўнік UFC Дана Уайт на балконе Блакітнай залы Белага дома перад пачаткам турніру UFC Freedom 250. Вашынгтон, 14 чэрвеня 2026 года. Фота: AP Photo / Julia Demaree Nikhinson

На Паўднёвым лужку Белага дома для гэтай нагоды ўзвялі часовую арэну з васьмікутным рынгам — актагонам.

Арэна турніру UFC Freedom 250 на Паўднёвым лужку Белага дома. Вашынгтон. Фота: AP Photo / Jacquelyn Martin, Pool

Адной з найбольш незвычайных дэталяў мерапрыемства стаў выхад байцоў: перад галоўнымі паядынкамі яны праходзілі праз будынак Белага дома і ўжо адтуль накіроўваліся да актагона.

Баец UFC Майкл Чэндлер чакае ў Галоўным фае Белага дома перад паядынкам у лёгкай вазе супраць бразільца Маўрысіа Руфі. 14 чэрвеня 2026 года. Фота: Saul Loeb / Pool Photo via AP

Паводле арганізатараў, на мерапрыемстве прысутнічалі больш за чатыры тысячы гасцей. Сярод іх былі сямейнікі Трампа, прадстаўнікі бізнэсу, палітыкі і знакамітасці. Арганізацыяй шоу займаўся кіраўнік UFC Дана Уайт, даўні саюзнік і асабісты знаёмы Трампа.

Атмасфера вечара была насычаная патрыятычнай сімволікай. Аркестр марской пяхоты выконваў музычныя тэмы для выхаду байцоў, а кантры-спявак Зак Браўн выканаў дзяржаўны гімн ЗША. Урачыстасць суправаджаў паказальны пралёт самалётаў пілатажных груп Blue Angels і Thunderbirds.

Самалёты пілатажных груп Blue Angels і Thunderbirds пралятаюць над Белым домам. Вашынгтон, 14 чэрвеня 2026 года. Фота: Kenny Holston / The New York Times via AP, Pool

Цэнтральнай падзеяй вечара стаў турнір UFC з серыяй прафесійных паядынкаў. Адкрываў праграму бой паміж бразільцам Дыега Лопесам і амерыканцам Стывам Гарсіяй. Нягледзячы на няўдалы пачатак, Лопес у другім раўндзе адправіў спаборніка ў накаўт і здабыў адну з найбольш яркіх перамог вечара.

Дыега Лопес стаіць на агароджы актагона падчас паядынку ў паўлёгкай вазе супраць Стыва Гарсіі. Фота: AP Photo / Alex Brandon

Галоўным паядынкам стаў чэмпіёнскі бой паміж амерыканцам Джасцінам Гэйджы і іспана-грузінскім байцом Іліяй Тапурыяй, у якім перамог Гэйджы.

Джасцін Гэйджы робіць сальта пасля перамогі над Іліяй Тапурыяй. Фота: Saul Loeb / Pool Photo via AP

У паядынку цяжкавікоў француз Сірыл Ган перамог бразільца Алекса Перэйру.

Бразілец Алекс Перэйра (справа) і француз Сірыл Ган падчас паядынку. Фота: AP Photo / Alex Brandon

Трамп назіраў за баямі непасрэдна каля актагона разам з Данай Уайтам, сваімі сямейнікамі і іншымі гасцямі. Як піша Assoсiatеd Press, ён уважліва сачыў за ходам сустрэч, плякаў удалым эпізодам і час ад часу абмяркоўваў падзеі з кіраўніком UFC. Пасля трэцяга бою гледачы праспявалі прэзідэнту «Happy Birthday».

Дональд Трамп і першая лэдзі Меланія Трамп падчас турніру. Фота: AP Photo / Mark Schiefelbein

Па інфармацыі СNN, сярод гасцей быў заўважаны заснавальнік Meta Марк Цукерберг, які апошнія гады актыўна займаецца баявымі мастацтвамі і рэгулярна наведвае турніры UFC. Таксама на мерапрыемстве прысутнічаў генеральны дырэктар медыякампаніі Paramount Skydance Дэвід Элісан. Для найбольш заможных наведвальнікаў прапаноўваліся спецыяльныя VIP-пакеты коштам да 1,5 мільёна даляраў, якія ўключалі доступ да турніру і шэраг закрытых мерапрыемстваў.

Заснавальнік Meta Марк Цукерберг (злева) размаўляе з Дональдам Трампам падчас турніру. Вашынгтон, 14 чэрвеня 2026 года. Фота: AP Photo / Mark Schiefelbein

Святкаванне выклікала неадназначную рэакцыю. The Guardian адзначае, што напярэдадні мерапрыемства каля Белага дома прайшлі акцыі пратэсту. Крытыкі сцвярджалі, што правядзенне камерцыйнага спартыўнага шоу на тэрыторыі прэзідэнцкай рэзідэнцыі выглядае недарэчна і стварае пытанні адносна выкарыстання дзяржаўнай маёмасці.

Пратэстоўцы перад пачаткам турніру UFC Freedom 250. Фота: AP Photo / Rod Lamkey, Jr.

Арганізатары і Белы дом адхілялі гэтыя прэтэнзіі, падкрэсліваючы, што турнір быў прысвечаны не толькі юбілею Трампа, але і будучаму 250‑годдзю незалежнасці Злучаных Штатаў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, першая лэдзі Меланія Трамп, кіраўнік UFC Дана Уайт і іншыя госці ў актагоне пасля заканчэння турніру UFC Freedom 250 на Паўднёвым лужку Белага дома. Фота: Evan Vucci / Pool Photo via AP

Паводле Нацыянальнай паркавай службы ЗША, якая кіруе тэрыторыяй Паўднёвага лужку, на будаўніцтва часовай арэны было выдаткавана больш за 60 мільёнаў даляраў. UFC заявіла, што ўзяла гэтыя выдаткі на сябе. Кіраўнік арганізацыі Дана Уайт пасля прызнаў, што маштаб праекта, яго кошт і складанасці з арганізацыяй зрабілі шоу фактычна ўнікальным. «Гэта больш ніколі не паўторыцца. Я не магу сабе гэтага дазволіць», — сказаў ён пасля турніру.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула