БЕЛ Ł РУС

Памятаеце гісторыю амерыканкі, якую трымалі ў коме пасля смерці, каб не спыняць цяжарнасць? Прайшоў год: што цяпер з дзіцем

20.06.2026 / 15:54

Аўгіння Якімук

Гісторыю Адрыяны Сміт адны лічаць адным з самых неэтычных медыцынскіх эксперыментаў у сучаснай гісторыі, а іншыя — доказам навукова-тэхнічнага прагрэсу. Яе сыну нядаўна споўніўся год — і бабуля паказала фота Чэнса.

Адрыяна Сміт. Тут і далей фота з сайта gofundme.com

Нагадаем: Адрыяне Сміт было 30 гадоў, яна жыла ў Атланце (штат Джорджыя, ЗША) і працавала медсястрой, мела 7‑гадовага сына. Летась у студзені маладая жанчына (яна тады была на 9 тыдні цяжарнасці) пакутавала ад галаўнога болю. Адрыяна звярнулася па медыцынскую дапамогу — у бальніцы ёй прызначылі лекі і адпусцілі дамоў.

Адрыяна з першым сынам

Але наступным ранкам яе партнёр прачнуўся ад таго, што Адрыяна задыхаецца. Ён выклікаў хуткую дапамогу, але медыкі не змаглі выратаваць жанчыну — тромб. Дактары ў бальніцы канстатавалі смерць мозга.

І тут узнікла вялікая дылема наконт таго, што рабіць далей. Бо ўнутры цела Адрыяны заставаўся эмбрыён. А ў штаце Джорджыя дзейнічаюць строгія антыабортныя законы.

Маці Адрыяны, Эйпрыл Ньюкірк, распавяла СМІ, што сям’і не дазволілі прыняць рашэнне. Родныя лічылі, што больш правільным будзе адключыць цела ад усіх апаратаў. Бацькі хацелі спакойна пахаваць сваю дачку.

Медыкі ж вырашылі штучна падтрымліваць працэсы ў арганізме, каб не спыняць цяжарнасць. Гэта выклікала шмат абурэння па ўсім свеце: людзі казалі, што неэтычна выкарыстоўваць цела памерлай жанчыны як інкубатар.

Летась кейс Адрыяны стаў галоўнай тэмай абмеркавання этыкі ў медыцынскай супольнасці.

Больш за тое, за медыцынскія паслугі павінна была плаціць сям’я Сміт. Быў абвешчаны збор, які працягваецца і сёння — сабрана больш за 620 тысяч даляраў (пазначана, што неабходна 660 тысяч).

Чэнс з бабуляй Эйпрыл

Медыкі планавалі, што зробяць кесарава ў жніўні, але дацягнуць да такога тэрміну не атрымалася. Рабіць тэрміновую аперацыю прыйшлося 13 чэрвеня 2025 года. Маленькаму хлопчыку (ён важыў каля 800 грам) далі імя Чэнс («Шанец»).

Яшчэ праз некалькі дзён, 19 чэрвеня, жанчыну нарэшце адключылі ад усіх апаратаў.

Афіцыйна паведамлялася, што жыццю немаўляці нічога не пагражае. Але насамрэч сітуацыя была даволі складаная. Трапіць дадому Чэнс змог толькі сёлета ў лютым — нават тады ён яшчэ атрымліваў кісларод праз спецыяльную трубку.

Чэнс

У гадавіну трагедыі сям’я Адрыяны замовіла 10 білбордаў з яе фота і подпісам: «Правасуддзе для Адрыяны Сміт», каб нагадаць пра трагічную гісторыю і дамагчыся змен у законах Джорджыі.

Бабуля Чэнса перыядычна публікуе яго здымкі ў каментарах да дабрачыннага збору. Днямі яна падзялілася фота ўнука, якому споўніўся год. Эйпрыл напісала, што вельмі любіць гэтага малыша. І пахвалілася, што ў таго ўжо ёсць два зубікі.

Чытайце таксама:

У ЗША дактары адключылі ад апарата 31‑гадовую амерыканку — яна нарадзіла ў коме

Каментары да артыкула